Алега Малашчанку высылаюць з Беларусі за ўдзел у пратэстах



Жыхара Баранавічаў Алега Малашчанку высылаюць з Беларусі за ўдзел у пратэстах. 

Алег і Таццяна Малашчанкі.

Ён з’яўляецца мужам вядомай грамадскай дзяячкі, што дабівалася адкрыцця беларускамоўных класаў у горадзе — Таццяны Малашчанкі. Яна звязвае такія падзеі выключна з актыўнай палітычнай пазіцыяй падчас і пасля прэзідэнцкіх выбараў.

РР: Распавядзіце, што здарылася з Вамі і Вашым мужам?

Таццяна Малашчанка: Здарылася тое, што здарылася амаль з кожным жыхаром у нашай краіне. Кожнага гэта закранула ў нейкай ступені, і мы – не выключэнне. Больш асабіста – мы проста адразу прынялі да сэрца тое, што бачылі. Карціна, напэўна, была аднолькавая ў кожным горадзе. Людзей збівалі. Я была назіральнікам на сваім участку. А муж быў побач са мной. І мы ўсё гэта бачылі на свае вочы. І калі людзі пасля гэтых цяжкіх першых дзён пайшлі на працу, яны не маглі спакойна працаваць, жыць далей. І на авіярамонтным заводзе №158, дзе працуе мой муж, усталявалася група людзей, якія 20 жніўня выйшлі на пратэст у абедзенны перапынак, выйшлі моўчкі на некалькі хвілінаў. І гэта яны рабілі цягам некалькіх дзён. І яны напісалі зварот да вышэйстаячых органаў з патрабаваннем спыніць гвалт.

РР: Вядома, што Вашага мужа спрабуюць выслаць з Беларусі. А якая афіцыйная прычына?

Таццяна Малашчанка: Вось у тым і справа, што афіцыйную прычыну на паперы чамусьці выкласці ці сорамна, ці немагчыма. Мы зараз дабіваемся менавіта таго, каб гэта было ў пісьмовым выглядзе. Яму далі толькі апавяшчэнне пра рашэнне аб высылцы. А  на падставе чаго – ў самім апавяшчэнні не пазначаецца.

Штамп аб высылцы ў пашпарце ўжо стаіць, і, я думаю, што не хопіць часу, каб дамагчыся справядлівага рашэння. І таму хутчэй за ўсё, краіну пакінуць прыйдзецца. Але мы працягваем абскарджваць гэта ў рэжыме анлайн. У прыватнай размове яму сказалі, што “вы занадта актыўна гуляеце па горадзе”. Але ж гэта не сур’ёзна! Пра гэта немагчыма напісаць у паперы, бо гэта не падстава для высылкі.

Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя