Алега Сянцова змусілі спыніць галадоўку



5 кастрычніка палітзняволены Алег Сянцоў паведаміў, што ў звязку з крытычным станам здароўя і паталагічнымі зменамі ўнутраных органаў яго планавалі карміць прымусова. Таму ён змушаны спыніць галадоўку з 6 кастрычніка.

Калі б Алег Сянцоў, які знаходзіцца ў калоніі Лабытнангі (Расейская федэрацыя) не спыніў галадоўку, яго б вывезлі ў рэанімацыю, прыкавалі да ложку і пачалі прымусовае кармленне. Пра гэта 5 кастрычніка ў каментары выданню „Медуза” паведаміў яго адвакат Дзмітрый Дзінзе. 

Адвакат пацвердзіў, што Сянцоў спыніў галадоўку, бо не хацеў, каб яго кармілі прымусова. „Яму далі час падумаць. Калі ён не спыніць галадаванне з 6 кастрычніка, то пачнецца прымусовае кармленне – яго вывезуць у рэанімацыю, там прыкуюць да ложка, уставяць трубку і пачнуць прымусова карміць… І сказалі, што з яго расліну зробяць. Расліна – гэта калі ён будзе проста тупа ляжаць на ложку з трубкай у носе ці роце. Яны лічаць, што ён ужо няздольны асэнсоўваць свае дзеянні, што галадоўка перайшла ў стадыю незвароту. Іншымі словамі, невядома, як ён выйдзе з галадоўкі, – 50 на 50” – расказаў Дзінзе.

Адвакат падкрэсліў, што расейскае заканадаўства не дазваляе праводзіць прымусовае кармленне. „Еўрапейскі суд па правах чалавека, калі ўмяшаўся ў галадоўку Сянцова, указаў расейскаму боку, што прымусовае кармленне прыроўніваецца да катаванняў, і засцярог ад гэтага. Але хіба калі-небудзь расейскі бок нешта спыняла, калі яны надумаюцца нешта зрабіць?” – дадаў Дзінзе.

Па словах адваката, фізічны стан Сянцова цяжкі. „Калі яму зрабілі ўльтрагукавае даследаванне ўнутраных органаў, то сказалі: „Увогуле як вы ходзіце? У нас людзі з такімі паказнікамі органаў – з раскладаннем, ішэміей і г. д – на нагах не стаяць, яны ляжаць у рэанімацыі”. Маральны стан – было відаць, што яму дастаткова цяжка даецца гэтае рашэнне, таму што ён чалавек вытрыманы і хацеў, канешне, працягваць галадоўку”, – сказаў адвакат.

Галадоўка працягвалася 145 дзён. Яна доўжылася з 14 траўня.

Рэжысёр быў прыгавораны ў Расейскай Федэрацыі ажно да 20 гадоў пазбаўлення волі 25 жніўня 2015 года. Расейскі суд прызнаў яго вінаватым у стварэнні ў Крыме тэрарыстычнай групоўкі і кіраўніцтве ёй, спробе набыць выбуховыя прыстасаванні і незаконным захаванні агнястрэльнай зброі і боезапасаў, дзвюх тэрарыстычных атаках і падрыхтоўцы яшчэ аднаго тэракта.

Сянцоў сваёй віны на судзе не прызнаў. 14 траўня 2018 года рэжысёр абвесціў бестэрміновую галадоўку ў калоніі горада Лабытнангі. Ён патрабаваў вызваліць 64 украінскіх палітзняволеных, але сябе ў гэты спіс не ўключыў. Усе звароты міжнароднай супольнасці пра вызваленне Сянцова да кіраўніцтва Крамля засталіся безвыніковымі.

Беларускае Радыё Рацыя