Алег Трусаў: Зменіцца ўлада – зменіцца і сімволіка



Чвэрць стагоддзя таму, 19 верасня 1991 года, Вярхоўны Савет 12 склікання зацвердзіў герб „Пагоня” і бел-чырвона-белы сцяг як дзяржаўныя сімвалы Беларусі. Адным з галоўных удзельнікаў гэтага працэсу быў старшыня Таварыства Беларускай Мовы, а тады дэпутат парламенту Алег Трусаў.

trusau1

Пра цяжкасці і перыпетыі прыняцця гэтага лёсавызначальнага для краіны рашэння ён распавёў у размове з журналістам Беларускага Радыё Рацыя:

РР: Дваццаць пяць год таму ў Беларусі былі прыняты новыя дзяржаўныя сімвалы. Але далося гэта дастаткова цяжка, бо большасць дэпутатаў супраціўлялася ці вагалася. Хоць Савецкі Саюз на той момант літаральна развальваўся, і трэба было хутка вызначацца са сваёй дзяржаўнсццю.

Алег Трусаў: Большасць хацела зменаў, але сімвалы трэба было прыняць дзвюмя трэцямі. Гэта не простая, а канстытуцыйная  большасць. І пры галасаванні некалькіх галасоў не хапала. Сярод выступаючых супраць ці вагаючыхся былі ветэраны, былі людзі, варожыя да ўсяго беларускага, але іх было няшмат.

РР: Яны аргументавалі, што беларускі сцяг падчас Другой сусветнай вайны выкарыстоўвалі калабаранты. А вы якія аргументы выказвалі

Алег Трусаў: Па-першае, нашыя гісторыкі зрабілі вельмі добрае абгрунтаванне. Даказалі, што гэтыя герб і сцяг значна старэйшыя, і дакладна бяруць пачатак не ў гады Другой сусветнай, што нацыянальная сімволіка – вечная. Таксама важным аргументам  быў той факт, што армія Ўласава выкарыстоўвала расейскія сімвалы —  і арла, і трыкалор. Але ельцынская Расея гэтую сімволіку адрадзіла ў якасці дзяржаўнай. Гэта быў вельмі важны аргумент.

РР: Былі прапановы захаваць старыя савецкія сімвалы, былі прапановы распрацаваць абсалютна новыя сімвалы. Як удалося пераадолець гэтыя прапановы?

Алег Трусаў: Тых, хто выступаў цалкам за старыя сімвалы, такіх амаль і не было. А вось, каб увесці ў сімвалы  „зубра” ці „бусла”, ці яшчэ нейкую птушку, такая група існавала. Але справа ў тым, што ў гэтых людзей не было някай гістарычнай, мастацкай базы. А вакол нас аб’ядналася ўся творчая інтэлігенцыя, – лепшыя мастакі, дызайнеры, скульптары, гісторыкі Беларусі. Таму мы паступова перамаглі.

РР: І як гэты працэс перамогі адбываўся?

Алег Трусаў: Ён адбываўся ў два этапы. Зараз ужо многія блытаюць. 19 верасня была прынята новая назва дзяржавы – Рэспубліка Беларусь. Герб і сцяг узяты за аснову. А ўжо эталоны былі прыняты толькі 11 снежня, пасля Віскулёў, дзе былі падпісаны Белавежскія пагадненні. Таму этап быў няпросты.  19 верасня  прагаласавалі, што сімваламі будуць „Пагоня” і бел-чырвона-белы сцяг. А якія дакладна яны будуць, трэба было яшчэ вырашыць. Вось якраз я кіраваў камісіяй, якая распрацоўвала эталоны і герба, і сцяга, якія і былі прынятыя 11 снежня 1991 года.

РР: А як сённяшні кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка ставіўся да гэтых працэсаў аднаўлення дзяржаўных сімвалаў?

Алег Трусаў: Не вельмі станоўча. Але асабліва моцна і не выступаў. Тым  больш, што тады была такая сітуацыя, што публічна выступаць супраць нацыянальнай сімволікі было, як кажуць, нямодна. Так што я не чуў яго выступаў не „супраць”, не „за”.

РР: Але адкуль усё ж такі ў Лукашэнкі і часткі эліты, якая зараз кіруе Беларуссю, такая нянавісць да нашых нацыянальных сімвалаў?

Алег Трусаў: Справа ж тут не ў сімвалах. Справа ў агульнай малакультурнасці, мякка кажучы. Таму што калі да ўлады прыйшлі „троечнік”, людзі малаадукаваныя, то яны і да ўсяго, звязанага з культурай, ставіліся абыякава ці адмоўна. Гэта закон вандалаў, закон малакультурных людзей. Але зараз, пабыўшы 20 гадоў ва ўладзе, Лукашэнка адукаваўся. Зараз ён зусім не так кажа  пра мову, напрыклад, як казаў, калі толькі  прыйшоў да ўлады. Гады ўлады паказалі, што і ён і яго атачэнне адукаваліся. Іншая справа, што сімволіка, прынамсі, бел-чырвона-белы сцяг, стаў сімвалам апазіцыі.  Вось тут узнікае пытанне. Але мне здаецца, што нават гэтая ўлада можа перастаць пераследаваць за сцяг і зрабіць яго нацыянальнай каштоўнасццю, не рабіўшы яго дзяржаўным. Ды ў прынцыпе, якая ўлада, такія і сімвалы. Я лічу, што зменіцца ўлада, зменіцца і сімволіка.  А зараз і гэты сцяг і гэты герб паказваюць, якая ў нас улада.

РР: Але ж прынятая 25 год назад сімволіка пратрымалася толькі крыху больш за 3 з паловай гады…

Алег Трусаў: Як дзяржаўная… А ўвогуле трымаецца яна ўжо хутка 1000 гадоў. І будзе трымацца. Таму што нацыянальную сімволіку можна знішчыць толькі з ментальнасццю нацыі. Калі нацыя губляе гістарычную памяць, тады губляецца і сімволіка. Дзяржаўная сімволіка можа мяняцца. Але гістарычная сімволіка, пакуль ёсць людзі, якія ведаюць гісторыю, не можа знікнуць. І вось зараз герб „Пагоня” аб’яўлены гісторыка-культурнай каштоўнасццю, ахоўваецца дзяржавай. Зараз наша інтэлігенцыя патрабуе і бел-чырвона-белы сцяг зрабіць такой каштоўнасцю. І я думаю, што гэта цалкам магчыма.

РР: Тым не менш, у траўні 1995 году адбыўся рэферэндум, і большасць насельніцва прагаласавала супраць нацыянальных сімвалаў. Што тады ў народа здарылася з нацыянальнай памяццю?

Алег Трусаў: А вось тут якраз і пытанне, ці прагаласавала большасць? Калі скласці колькасць усіх выбаршыкаў, бо частка прынцыпова на рэферэндум не пайшла, то за змену сімволікі прагаласавала менш чым 50 адсодкаў. Так што яна фактычна была зменена  адноснай большасцю.  Большасцю ад тых, хто прыйшоў. У Менску, напрыклад, прыйшло толькі 65 адсодкаў  на рэферэндум. Таму калі за роўнасць моваў прагаласавала 52 адсодкі ад усіх, то за сімволіку менш чым 50, недзе 48 адсодкаў.  Так што ўлада і тады не змагла зрабіць тое, што хацела.

РР: І сам фактычны працэс змены сцяга быў зроблены вельмі нецывілізавана, па-дзікунскі, калі кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Іван Ціцянкоў з паплечнікамі дэманстратыўна парваў сцяг, зняты з будынку адміністрацыі.

Алег Трусаў: Але дзе той Ціцянкоў зараз і дзе тыя паплечнікі? Недзе хаваюцца ў Расеі. Так што лёс яго незайздросны, як у любых вандалаў.

РР: А калі зараз правесці такі рэферэндум? Таму што пра беларусаў кажуць, што мы крыху практычныя і нават прыземленыя людзі. Галоўнае, каб жылося добра, а сімвалы – гэта так…

Алег Трусаў: Не, па-першае, не так. Вось той рэферэндум, з памылкамі і са злоўжываннямі, паказаў, што большасць – за бел-чырвона-белы сцяг і „Пагоню”. Я ўжо лічбы даваў. Па-другое, сімволіка, як і мова,  не прымаюцца на рэферэндуме ні ў якой краіне. І ў Законе „Аб рэферэндуме” было забаронена праводзіць рэферэндумы па мове і сімволіцы. Таму гэта элемент, я б сказаў,  незаконны.  Таму, я думаю, ніякіх новых рэферэндумаў на гэты конт праводзіць не трэба. Збіраецца парламент. Двумя трэцямі мяняе сцяг і герб. Тым больш, што Плошча Сцяга ёсць, стэла ёсць і падсветка ёсць. Мы ўрачыста заменім часовы сцяг на гістарычны. І зняты сцяг драць не будзем, а здамо ў Нацыянальны музей на захаванне. Я думаю, што мы дажывем да гэтай урачыстай хвіліны. Гэта можа здарыцца калі заўгодна. Праз год, праз два,  праз пяць. Аднак гэта здарыцца непазбежна, – упэўнены Алег Трусаў.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле.

Фота svaboda.org