Алексіевіч: Беларускі „Фэйсбук” цікавейшы за ўсе беларускія газеты
Беларускія журналісты перасталі прадуцыраваць новыя думкі, заявіла лаўрэат Нобелеўскі прэміі па літаратуры Святлана Алексіевіч на медыяканферэнцыі, якую правяла 13 лютага ў Менску Беларуская асацыяцыя журналістаў.
„Журналісты — людзі, гэта якія першымі фармулююць сэнсы. Сэнсы, якія вісяць у паветры, якія яшчэ ніхто не назваў. Але [журналістыка] гэта не проста, маўляў, Лукашэнка ці нехта яшчэ няўдала сказаў слова. Гэта ж глупства. А вось з чым мы супрацьстаім яму, што ў нас ёсць іншага, пра гэта я ні ў кога не магу прачытаць”, — сказала пісьменніца. Яна дадала, што сёння айчынныя СМІ „перакочваць увесь час адны і тыя ж думкі, толькі нанізваючы нейкія іншыя факты”.
Алексіевіч адзначыла, што часцей за ўсё яна чэрпае інфармацыю з інтэрнэту, найперш на такіх сайтах, як „Беларускі партызан” і „Радыё Свабода”, „Народная воля”. З аўтараў яна выдзеліла Святлану Калінкіну і Змітра Бартосіка.
Пісьменніцу больш за ўсё цікавяць „новыя думкі” і гісторыі, звязаныя з умоўнымі „маленькімі людзьмі”. Знаходзіць гэта ёй дапамагаюць не столькі беларускія СМІ, колькі сацыяльныя сеткі.
„Наш „Фэйсбук” цікавейшы, чым усе беларускія газеты, — сказала Алексіевіч. — Там шмат людзей, якія пішуць лепш, чым мы, шмат разумных людзей. Я вельмі шкадую, што літаратура блогаў у нашым паўсялянскім грамадстве яшчэ не атрымала належнай увагі і павагі , хоць многія блогеры ўжо ўплываюць на грамадства. Блогеры ў нас пакуль, дзякуй богу, больш свабодныя ўнутрана, чым людзі ў газетах, дзе працуе самацэнзура”.
„Усе цяпер чытаюць Андруся Горвата. Хлопец з’ехаў у вёску, і яго запісы, погляды на сялянства, на сябе як на інтэлігенцыю і наогул на ўсё — гэта вельмі цікавы, па-свойму вельмі свабодны погляд. Мне яго вельмі цікава чытаць заўсёды. Шкада, яго не было на кніжным кірмашы, я пайшла б на яго паглядзела, што гэта за чалавечак такі новы”, — прызналася Алексіевіч.