Алексіевіч пракаментавала куплю кватэры ў „доме Чыжа”



На майстар-класе „Прэс-клуба Беларусь” 8 траўня ў Менску лаўрэат Нобелеўскай прэміі Святлана Алексіевіч выказалася з нагоды падвышанай цікавасці да навіны пра тое, што яна купіла кватэру ў жылым комплексе „Ля Траецкага”, больш вядомым як „дом Чыжа”.

Пра сваю дарагую пакупку Алексіевіч згадала, калі адказвала на пытанне журналісткі „Камсамольскай праўды ў Беларусі”. На сайце гэтага выдання нядаўна з’явіўся матэрыял на аснове гутарак з менчукамі, у якіх пыталіся, хацелі б яны купіць кватэру ў доме, пабудаваным кампаніяй беларускага бізнесмена Юрыя Чыжа, дзе пасялілася нобелеўскі лаўрэат.

Я разумею, што ў краіне іншых пытанняў няма, акрамя таго, у якой кватэры жыве Алексіевіч, – з іроніяй сказала пісьменніца. – Але краіна гэта абмяркоўвае, і я з цікавасцю паглядзела і падумала:” Божа мой, вось агляд масавай свядомасці. Мне нават не трэба хадзіць і распытваць, усё відаць”.

У канцы красавіка ў інтэрв’ю інтэрнэт-часопісу „ТУТ і ТАМ” Алексіевіч паведаміла, што на частку прызавых грошай ад Нобелеўскай прэміі яна набыла новую кватэру і вясковы дом. „Ну, вось я змагла купіць кватэру новую. Зараз там рамонт робяць да канца. І дом у вёсцы – лепей, чым той які ў мяне раней быў”, – сказала яна.