Алексіевіч стане ганаровым старшынёй аргкамітэта „Чарнобыльскага шляху”
Беларуская пісьменніца, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлана Алексіевіч пагадзілася стаць ганаровым старшынёй аргкамітэта акцыі „Чарнобыльскі шлях”, паведаміла 13 красавіка на прэс-канферэнцыі ў Менску член аргкамітэта, актывістка руху салідарнасці „Разам” Алена Талстая.
Паводле яе слоў, заўтра ў Менску на прэзентацыі кнігі „Святлана Алексіевіч на Свабодзе” (зборнік інтэрв’ю і выступленняў Алексіевіч на „Радыё Свабода”, які выйшаў у серыі „Бібліятэка Свабоды — XXI стагоддзе”), пісьменніца будзе гаварыць у тым ліку аб значэнні „Чарнобыльскага шляху”.
„Мы хочам паказаць, што Чарнобыль не скончыўся, што катастрофа працягваецца, — падкрэсліў яшчэ адзін член аргкамітэта, актывіст Беларускай партыі” Зялёныя „Дзмітрый Кучук. — Замоўчванне праблем, звязаных з Чарнобылем, мы звязваем з будаўніцтвам у Беларусі АЭС”. Праект будаўніцтва АЭС у Беларусі ён назваў „палітычным”. „Наша партыя супраць будаўніцтва любой АЭС. Мы кажам, што ёсць іншы шлях развіцця — аднаўляльных крыніц энергіі, ветраных установак, якія сапраўды зробяць Беларусь незалежнай ад паставак таго ж ўрану або газу”, — сказаў Кучук.
„Чарнобыльскі шлях” — штогадовая вулічная акцыя, прымеркаваная да даты аварыі на ЧАЭС, якую беларуская апазіцыя праводзіць у Менску з 1988 года ў фармаце шэсця і мітынгу. Выключэннем стаў 2011 год, калі сталічныя ўлады забаранілі шэсце.
Сёлета заяўка на акцыю была пададзеная ў Менгарвыканкам 8 красавіка. Акрамя Алены Талстой і Дзмітрыя Кучука заяўку падпісалі прадстаўнікі Партыі БНФ Зміцер Каспяровіч, руху „За Свабоду” Юрась Меляшкевіч, Аб’яднанай грамадзянскай партыі Дзмітрый Кавалгін, аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Дзяніс Садоўскі і Віталь Рымашэўскі, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада ) Аляксей Сігаеў. Яны плануюць збор удзельнікаў на пляцоўцы каля прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук 26 красавіка з 18.00 да 19.00, а затым гадзінную дэманстрацыю па вуліцах Сурганава і Арлоўскай да царквы ў гонар абраза Божай Маці „Спатоленне загінулых” і мітынг з ускладаннем кветак. Акцыя павінна завяршыцца ў 21.00.