Алексіевіч у Гомелі



Гомельцы сустрэлі Нобелеўскую лаўрэатку Святлану Алексіевіч шматлікімі пытаннямі, воплескамі  і падарункамі. Адмыслова да прыезду пісьменніцы гамяльчук Мікалай Ісачэнка пашыў 11-мятровы бел-чырвона-белы сцяг.

Святлана Алексіевіч адказала на пытанні гомельцаў пра стаўленне да будаўніцтва АЭС у Астраўцы, падзялілася меркаваннямі пра нацыянальную ідэнтычнасць беларусаў і распавяла пра сваю творчасць. Для Святланы Алексіевіч Гомельшчына – рэгіён, дзе яна правяла сваё юнацтва.

Святлана Алексіевіч: Мая першая настаўніца – з Гомельшчыны, з вёскі Прысно. Бацька – з Петрыкаўскага раёну, з вёскі Камаровічы. Ува мне вельмі моцная гэтая беларуская якасць. Іншая справа, калі я пісала свае кнігі (гэта амаль 40 год), то я займалася савецкім часам, савецкай ідэяй, а ідэя „чырвонага чалавека” размаўла на рускай мове. І я пісала па-руску.

Гамяльчанка Марыя Шыманоўская задала пытанне нобелеўскай лаўрэатцы наконт нацыянальнай ідэі і яе пошуку.  

Святлана Алексіевіч адказала на гэта, што Беларусі, канешне, складана сябе знайсці бо мы знаходзімся паміж Польшчай і Расеяй.

– Бачыце, колькі перашкодаў. Мне не падабаюцца размовы пра анексію Беларусі, якія сустракаюцца ўсё часцей. Гэта досыць небяспечна. Нас чакаюць складаныя часы. Што тычыцца нацыянальнай ідэі, то толькі нацыянальная дзяржава, нацыяльная мова. Але як гэта зрабіць? Я адзін час думала, што ўлада пасля Крыма перахопіць нацыянальную ідэю і Лукашэнка загаворыць па-беларуску, бо праблема асабістай улады завязаная на праблему Беларусі. Але пакуль што ў нас няма сваёй дзяржавы, бо пытанне мовы не вырашанае, у школах не па-беларуску размаўляюць. Калі паглядзелі, колькі чытаюць беларускай літаратуры, то гэта мізэрныя наклады. 

Прэзідэнт «Сусветнага згуртавання беларускіх габрэяў», якое займаецца пытаннямі аховы спадчыны габрэйскага народу, Якаў Гутман папрасіў Святлану Алексіевіч паўдзельнічаць у спыненні працэсу знішчэння могілак.

А праваабаронца Леанід Судаленка папрасіў пісьменніцу дапамагчы зборам сродкаў на пратэз для жыхара Пінска Мікалая Крычко, які ўвесну выйшаў на акцыю пратэсту супраць дэкрэта „аб дармаедах”. Грамадскасць ужо сабрала палову сумы для пратэза інваліду. Святлана Алексіевіч пагадзілася дапамагчы сродкамі, якіх не стае. А прэзідэнт «Сусветнага згуртавання беларускіх габрэяў» Якаў Гутман прапанаваў Нобелеўскаму лаўрэату падзяліць выдаткі і паабяцаў, што заплаціць палову ад той сумы, якая яшчэ неабходная.

Радыё Рацыя таксама звярнулася да Святланы Алексіевіч з пытаннем.

РР: Гомельцы некалькі год жывуць з адчуваннем таго, што тут можа быць паўтарэнне Данбасу. На Вашую думку, ці змогуць беларусы адстаяць сваю незалежнасць, ці ўвогуле гэтае пытанне – неактуальнае, а жыхары Гомеля проста накручваюць сябе на памежжы. 

Святлана Алексіевіч: Нядаўна ў мяне на кухні сядзеў вядомы чалавек, мадэльер Саша Варламаў. Ён зусім з іншай прасторы. І мы пра ўсё размаўлялі. І тут ён раптам гаворыць: “А ў мяне такое адчуванне, што ўсе мы будзем уцякаць адсюль”. А кажу: “А чаму ўжо адразу ўцякаць?” “Ну вось адчуванне крыві нейкае”. Я бы не хацела гэтага. Але ўсё можа быць, бо побач з намі такі непрадказальны сусед, у яго такія непрадказальныя геапалітычныя фантазіі. І вы ведаеце, пачуццё імперскасці вельмі моцнае ў рускіх людзях. Я памятаю, як мы з японцамі здымалі кіно паводле маіх кніг і апынуліся ва Усць-куці. І ехалі да аднаго з маіх герояў. І чалавек, які вёз нас на аўтобусе, быў вельмі рады, што знайшоў працу, бо работы няма. І вось мы працавалі цэлы дзень, а ўвечары селі паесці. І вось японскі рэжысёр пытае: “І якога чорта вы лезеце то на Украіну, то ў Чачэнію, то яшчэ?”. І вы ведаеце, гэты чалавек устаў, паслаў нас усіх матам і пакінуў нас у тайзе. Мы ледзьве адтуль выбраліся.

Паэтка Ларыса Раманава з Веткі падаравала Святлане Алексіевіч знакаміты Неглюбскі ручнік са старажытнымі геаметрычнымі і геаметрычна-расліннымі арнаментамі.

Святлана Раманава: Ручнік – гэта сімвал прыгажосці. Калі ён вісіць у куце, то мары здзяйсняюцца. Ручнік заўжды дораць на шчасце.

Арганізатар сустрэчы Святланы Алексіевіч у Гомелі Уладзімір Кацора задаволены вынікам мерапрыемства.

Уладзімір Кацора: Заўсёды хочацца большага, каб сустрэча прайшла тут у амфітэатры, бо частка людзей не змагла патрапіць у залу, але Святлана Аляксандраўна таксама не магла выступаць тут з-за сваёй хваробы.

Прыезду Нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч гомельцы чакалі два месяцы. Першапачаткова планавалася, што пісьменніца прыедзе ў Гомель у ліпені. Аднак з прычыны хваробы Святланы Алексіевіч паездку давялося перанесці. Паслухаць знакамітую зямлячку прыйшло пад сотню чалавек.

У ліпені, калі планаваўся першы прыезд Святланы Алексіевіч у Гомель, меркавалася сустрэча з чытачамі і ў гомельскай абласной бібліятэцы. Але кіраўніцтва бібліятэкі адмовілася ад прадастаўлення залі.

13-га жніўня працягнецца візіт пісьменніцы па Гомельшчыне. Святлана Алексіевіч плануе наведаць вёску Капаткевічы Петрыкаўскага раёну, дзе сустрэнецца са сваімі аднакласнікамі і суседзямі.

[Not a valid template]

 

Мікола Бянько, Юлія Сівец, Беларускае Радыё Рацыя, Гомель