Алена Анісім: Атрымаць ліцэнзію не вельмі проста
Старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім распавяла, на якой стадыі зараз знаходзіцца працэс стварэння беларускамоўнага Нацыянальнага ўніверсітэта імя Ніла Гілевіча.
Алена Анісім: Зараз рыхтуем удакладнены спіс метадычных дакументаў у Міністэрства адукацыі, бо яны запыталі іх дадаткова, акрамя таго, што мы ім далі.
РР: Колькі ўжо спецыяльнасцей зацвердзіла Мінадукацыі?
Алена Анісім: Пакуль што ў нас ёсць рашэнне пра адкрыццё адной спецыяльнасці, якая мае два накірункі. Астатнія пакуль у працэсе зацвярджэння, дакументы па іх падалі ўжо другі раз.
Працэдура – трохузроўневая, таму да гэтага часу не можам атрымаць ліцэнзію. Спачатку зацвярджаюцца метадычныя аб’яднанні. Калі ўсё нармальна, то паперы пойдуць у Дэпартамент кантроля якасці адукацыі, дзе прымаецца канчатковае рашэнне і выдаецца ліцэнзія.
РР: Даволі зацягнутая працэдура…
Алена Анісім: Так, але нічога не зробіш. Зразумела, што адкрыццё ўніверсітэта – рэч не простая. З іншага боку мы разумеем, што не браліся б за гэтую справу, каб у нашай дзяржаве ўніверсітэты працавалі б на беларускай мове. І не трэба быў бы нам дадатковы галаўны боль.
Але ж мы бачым, што ніхто гэтым і не думае займацца. Больш за тое – у краіне скарачаюцца школы з беларускай мовай навучання. Таму і спрабуем усялякім чынам гэтаму супрацьстаяць.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота БелаПАН