Алена Анісім: Беларусы павінны ўдзельнічаць у перапахаванні Кастуся Каліноўскага



Эксгумацыя парэшткаў брата Кастуся Каліноўскага Віктара, які пахаваны ў мястэчку Свіслач пад Гародняй, для правядзення экспертызы, выклікала ў грамадстве розныя меркаванні і ацэнкі.

Эксгумацыя неабходна дзеля экспертызы па ідэнтыфікацыі парэшткаў, знойдзеных ў Вільні ў 2017 годзе, і якія, як мяркуецца, належаць Кастусю Каліноўскаму. Усяго ў пахаванні на гары Гедыміна былі выяўлены парэшткі 20 паўстанцаў.

Па словах дэпутата Палаты прадстаўнікоў, кіраўніка Таварыства беларускай мовы Алены Анісім, гэта робіцца для таго, каб атрымаць узор ДНК, каб пасля мець дакладныя падставы і факталагічныя сцверджанні таго, што парэшткі, знойдзеныя ў Вільні, насамрэч належаць Кастусю Каліноўскаму.

– У сувязі з гэтым я хачу нагадаць, што мною, пад уплывам грамадскасці, па падказцы нашых сяброў, быў зроблены запыт у міністэрства замежных спраў: ці збіраецца наша міністэрства ўсё ж такі зрабіць такую агульную афіцыйную дэлегацыю з прадстаўнікоў дзяржаўнай улады і грамадскасці для таго, каб прыняць удзел у цырымоніі перазахавання парэшткаў Кастуся Каліноўскага. Адказ быў такі, што пакуль не паступала прапанова, але яны будуць сачыць за гэтай справай.

Па меркаванню Алены Анісім, прадстаўнікі грамадскасці Беларусі, якія маюць нейкі ўплыў на літоўскі бок, павінны зрабіць падобныя захады, каб ад Беларусі на перапахаванні парэшткаў паўстанцаў была годная, прадстаўнічая афіцыйная дэлегацыя. „Кастусь Каліноўскі – гэта наш герой і адмаўляцца ад яго ні ў якім разе не варта”, – падкрэсліла Алена Анісім.

Беларускае Радыё Рацыя