Алена Анісім: Для беларускай мовы наступае чарговы выклік
Магчымыя змены ў экзаменах чакаюць школы Беларусі. Толькі вось ёсць небяспека, што нацыянальны экзамен для выпускнікоў школаў можа стаць не нацыянальным, паводле вызначэння, а імперскім.
Пра гэтыя ды іншыя выклікі Нацыянальнай Мове гутарым з нашай адмысловай „Госцяй Рацыі” – Аленай Анісім, старшынёй ТБМ, у мінулым дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь.
РР: Вы, як і ўсё беларускае нацыянальна свядомае грамадства імкнецеся да таго, каб беларуская мова набыла сапраўдны статус дзяржаўнай мовы. Я думаю, ёсць што сказаць сёння, улічваючы, што мова застаецца ў такім жа загнаным стане і на пачатку 2021 года. Пакуль не відаць тых проблескаў святла, якіх мы чакалі больш за 20 гадоў пасля таго, як расейская мова стала ў ровень з беларускай.
Алена Анісім: Змяняецца шмат што ў палітычным жыцці. Што тычыцца адносін да беларускай мовы, то, на вялікі жаль, мы не можам сказаць, што ўжо можна скласці рукі і адпачываць і карыстацца паўсюль бесперашкодна беларускай мовай. Застаюцца праблемы і ў дзяржаўным кіраўніцтве, узнікаюць і новыя выклікі ў сістэме адукацыі. Я маю на ўвазе, што зараз пачынае абмяркоўвацца новая сітуацыя для нас – прапануецца так званы нацыянальны экзамен для выпускнікоў школ. І вось якраз у гэтым экзамене прадугледжана адна з дзяржаўных моў, замежная мова і матэматыка. Такім чынам, мы можам прадбачыць, што для беларускай мовы наступае чарговы выклік. Таму гэтую сітуацыю для выпускнікоў мы павінны не выпускаць з-пад увагі.
Што датычыцца далейшых нашых крокаў, то мы бачым, што нават гэты так званы “Усебеларускі сход” не збіраецца разглядаць пытанне беларускай мовы. Хоць гэтае пытанне падымаюць – падымалі мы, дасылалі звароты Качанавай, ад мясцовых дэпутатаў гучыць пытанне функцыянавання дзяржаўнай беларускай мовы. Але мы сёння не можам, на жаль, разлічваць на тое, што сённяшняя ўлада зробіць усё, каб гэтае пытанне зняць з парадку дня ў плане таго, каб забяспечыць правы беларускамоўных грамадзян у нашай краіне.
РР: Мінулы год паказаў шмат цікавых пераменаў у беларускім грамадстве. І ў першую чаргу – гэта з’яўленне беларускай нацыянальнай сімволікі. На жаль, беларускай мове такой увагі нададзена не было. Такой увагі мове не надаецца і прадстаўнікамі альтэрнатыўнага палітычнага погляду ў сферы змагання за прэзідэнцкую ўладу.
Алена Анісім: На гэты конт я б хацела вам трошкі запярэчыць. Усё ж такі з абвастрэннем сітуацыі змены ўлады, якая адбылася ў жніўні 2020 года, калі мы пабачылі, што грамадства выразна дало пасыл, што яно хоча бачыць змены ў палітычнай эліце, у палітычным і эканамічным курсе краіны, гэта якраз такі і сведчыла пра тое, што людзі пачынаюць усведамляць сябе як сапраўдныя грамадзяне Беларусі. Таму і выйшла на першы план беларуская гістарычная нацыянальная сімволіка, а з вяртаннем сімволікі пачаўся рух і да беларускай мовы. Асабліва пасля таго, як пачалі пераследаваць беларускамоўных журналістаў незалежных СМІ, як пачаўся на іх нечувалы ціск. Пасля таго, як дзякуючы іхнай інфармацыі грамадству сталі вядомыя факты яўнай дыскрымінацыі і цяжкага ціску на людзей, затрыманых падчас акцый, тых, хто размаўляў па-беларуску. Мы пакуль дэталёва не расследавалі гэтую справу, але пра гэтыя факты мы ведаем. І таму для людзей беларуская мова пачынае з’яўляцца каштоўнасцю. Акрамя таго давайце згадаем, што перапіс 2019 года таксама паказаў, што людзі часцей і часцей называюць сваёй роднай мовай беларускую. Яны можа быць не так часта карыстаюцца ёй у штодзённым жыцці, але хочуць карыстацца.
Цалкам гутарка ў далучаным файле:
Гутарыў Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: facebook.com