Алена Анісім: Добра, але мала



Першы намеснік старшыні Таварыства беларускай мовы Алена Анісім пракаментавала той факт, што ў наступным навучальным годзе ўрокаў беларускай мовы ў пачатковай школе стане столькі ж, колькі і рускай.

D9459AE9-A06F-4B31-86BB-1DED5A2427DE_w640_r1_s

З новага навучальнага года ў пачатковай школе павялічыцца колькасць гадзін вывучэння беларускай мовы, паведаміла галоўны спецыяліст упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Беларусі Ірына Булаўкіна на прэс-канферэнцыі ў Менску. Цяпер у 2 класе на вывучэнне беларускай мовы адводзіцца 2 гадзіны, у той час як рускую мову ў раскладзе другакласнікаў значыцца 3 разы на тыдзень.

Акрамя таго, па словах Булаўкінай, з гэтага года арганізавана вывучэнне беларускай мовы і літаратуры на падвышаным узроўні ва ўсіх установах адукацыі, распавяла спецыяліст. Пры гэтым улічваюцца пажаданні вучняў, іх бацькоў і наяўнасць сфармаваных класаў, дадала яна.

Алена Анісім: Адзін гэты факт мала што зменіць, хоць, безумоўна, варта вітаць, што такая рэч будзе. Але ёсць пытанні: як гэта будзе выкладацца, на якім узроўні? І які атрымаецца каэфіцыент карыснага дзеяння? Не сакрэт, што асноўная прычына таго, што дзеці не размаўляюць на мове – нізкі ровень выкладання. Не так даўно я размаўляла з адной маладой маці, тая прызналася, што вельмі не задаволеная выкладаннем мовы ў школе. Таму што дзеці не размаўляюць, практычна не маюць практыкі вуснага маўлення. У яе стаўленне, што падыход павінен быць такім жа, як пры выкладанні замежнай мовы. Акцэнт павінен рабіцца на маўленне, уменне гаварыць на розныя тэмы. Бо можна механічна засвоіць нейкія тэрміны, але без размоўнай практыкі (якой практычна няма) усё гэта нічога не дае.

РР: Якія слушныя ідэі вы яшчэ прапанавалі б Міністэрству адукацыі?

Алена Анісім: Добра было б, каб у падмацунак прынятых рашэнняў былі таксама распрацаваны розныя праграмы інтэрактыўнага навучання. Таму што, калі дзеці не маюць інфармацыйнай прасторы з беларускай мовай (гульняў, мультфільмаў, навукова-папулярных фільмаў), то складана дабіцца таго, каб дзеці засвойвалі мову, як мову камунікацый.

РР: Вы бачыце ў грамадскасці павышэнне цікавасці да роднай мовы?

Алена Анісім: Безумоўна. Нашмат больш людзей звяртаюцца ў ТБМ, яны цікавяцца, дзе можна дзяцей вучыць на мове, праз якія курсы самім удасканальвацца. Бацькі ў гэтым накірунку становяцца больш актыўнымі. Добра было б сюды дадаць яшчэ большы клопат дзяржавы. Як ужо казала, размова ідзе пра стварэнне паўнавартаснай прасторы (прыкладам – тэлівізійнай), што зрушыла б справу з месца і паспрыяла б не толькі папулярызацыі беларускай мовы, але і даверу ў грамадстве. Гэта была б добрая дэманстрацыя ў Год культуры, што мы на самой справе імкнемся да культуры і найперш паважаем культуру свайго народа.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота svaboda.org