Алена Анісім: Мы прабіваем гэтую сцяну…
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім патлумачыла, чаму ў сталіцы пайшла хваля па беларусізацыі школ і дзіцячых садкоў.
Начальнік упраўлення адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Фрунзенскага раёна Менска Ірына Чарняўская паведаміла, што у іх раёне будзе сем садкоў з беларускай мовай замест двух ранейшых, а замест адной гімназіі — сем школ і гімназій.
Алена Анісім: Гэтую інфармацыю я пачула ўчора падчас “Круглага стала” ў Палаце прадстаўнікоў. Вядома ўсцешана такімі фактамі і звязваю гэта з тым, што ў нашым грамадстве назіраецца вялікая запатрабаванасць да беларускай мовы. У нас актывізуюцца людзі, якія хочуць даць сваім дзецям адукацыю на беларускай мове – пачынаючы з садкоў і школ і заканчваючы вышэйшай адукацыяй. Мы, дарэчы, зараз працуем у накірунку заснавання Нацыянальнага ўніверсітэта з беларускай мовай навучання. Таму ўсе гэтыя пасылы зводзяцца да аднаго, і прадстаўнікі ўлады (хочуць таго альбо не), але мусяць зважаць на гэтыя тэндэнцыі. І, да таго ж, многія з іх самі разумеюць пра неабходнасць набліжэння ў некаторых накірунках да роўнасці моў. Хаця да поўнага ўраўнаважвання правоў рускай і беларускай мовы яшчэ вельмі далёка. Але першыя крокі сведчаць пра тое, што ўлада пачынае патрохі разварочвацца да грамадства. Мы прабіваем гэтую сцяну.
РР: Агучана інфармацыя толькі па адным раёне сталіцы. А што робіцца ў іншых раёнах?
Алена Анісім: Пакуль не валодаю такімі звесткамі, але раней я дасылала прапановы ў Міністэрства адукацыі з тым, каб мы правялі нараду, на якой бы высвятлілі, у якім стане знаходзіцца сёння беларускамоўнае навучанне. Тут хапае праблем. Напрыклад, ведаем пра сітуацыю ў Жодзіна, дзе мама ўжо даўно хоча навучаць сына на беларускай мове, але ёй двойчы ў гэтым адмовілі. Маўляў, трэба спачатку знайсці 20 дзяцей, якія пажадаюць вучыцца на мове, і тады будзе разглядацца пытанне аб адкрыцці беларускамоўнага класа. Я папрасіла тую маці напісаць мне канкрэтна, у якой школе яна хацела б, каб вучыўся яе сын. А ўжо далей мы будзем са свайго боку ціснуць на ўлады, каб такі клас з’явіўся. Бо Канстытуцыя гарантавала бацькам навучанне іх дзіцяці на дзяржаўнай мове. І чалавек не абавязаны шукаць 20 бацькоў, каб вучыцца на роднай мове. Гэта праблема органаў улады. Таму будзем працаваць, каб у кожным раённым і абласным цэнтры была напачатку хаця б адна прэстыжная беларускамоўная ўстанова з нармальным узроўнем выкладання.
Кастусь Ззаблоцкі, Беларусакае Радыё Рацыя