Алена Анісім: Нават калі перастане існаваць ТБМ, то людзі існаваць не перастануць



На 8-е лістапада прызначана паседжанне Вярхоўнага суда, на якім будзе вырашацца лёс Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Бо Міністэрства юстыцыі ініцыявала працэс яе ліквідавання ў афіцыйнай прасторы краіны. Наш карэспандэнт, Якуб Сушынскі пагутарыў з гэтай нагоды з Госцем Рацыі – старшынёй ТБМ Аленай Анісім.

РР: Некаторыя з апытаных мною грамадзянаў меркавалі, што Таварыства беларускай мовы ўжо спыніла сваё існаванне праз суд. Бо ўжо ліквідаваныя дзясяткі грамадскіх арганізацый. Сябры ТБМ вераць, што гэты ліхі кон абміне гэтую найстарэйшую арганізацыі эпохі перабудовы?

Алена Анісім: Я лічу, што, як бы хто не вырашыў загадзя, мы маем шанец адстаяць сваю арганізацыю. Ва ўсялякім разе мы маем права бараніць сваю арганізацыю да канца. І па магчымасці, калі нам усё ж такі ўдасца, то і адстаяць нашую арганізацыю, якая мае звыш 30 гадоў сваёй дзейнасці.

РР: Таварыства беларускай мовы доўгі час лічылася за найбольш «лячэбную» грамадскую арганізацыю ў Беларусі. Якая сітуацыя сёння, бо праблемы ёсць не толькі з мовай у краіне, але таксама і з колькасцю сяброў?

Алена Анісім: Сітуацыя з сябрамі таксама не такая вясёлая, як нам хацелася б. Па-першае, шмат хто з актыўных сяброў з’ехаў. Шмат якія актыўныя сябры пакінулі ўжо гэты свет. А частка сяброў проста схавалася да лепшых часоў, скажам так, «у бульбу», і таму не абазначаюць сваёй актыўнай пазіцыі ніякім чынам. Напэўна ёсць і такія пасіўныя людзі, якія ў свой час уступілі ў ТБМ, пэўны час плацілі складкі, а зараз ніякім чынам не абазначаюць сваёй дзейнасці – не выпісваюць газету «Наша слова», не плоцяць ахвяраванні, складкі, не праводзяць ніякіх мерапрыемстваў. Недзе яны лічацца сябрамі ТБМ, але такой дзейнасці, якая павінна была б быць, не праводзяць. Гэта нас не палохае, мы проста разумеем, што як толькі мы разбяромся з усёй гэтай сітуацыяй, якую распачало Міністэрства юстыцыі, мы адразу зоймемся пераўлікам нашых сяброў. Частка кіраўнікоў нашай арганізацыі ўжо гэта зрабіла, нехта яшчэ ў працэсе, але мы на пачатак наступнага года будзем больш-менш дакладна ведаць, якая рэальная колькасць сапраўдных сяброў ТБМ. Яшчэ хачу заўважыць, што, нягледзячы на ўсе гэтыя падзеі, да нас у арганізацыю людзі ўступалі, не зважаючы, а нават насуперак таму, што Міністэрства юстыцыі пачало працэс ліквідацыі ТБМ.

РР: Таварыства беларускай мовы павяло сябе інакш як многія грамадскія арганізацыі, калі быў узняты Дамоклаў меч юстыцыі над арганізацыямі, і Таварыству ўдалося зацягнуць на невялікі час праблему канчатковай ліквідацыі. Якія, на вашую думку, існуюць магчымыя варыянты гэтага суда?

Алена Анісім: Суд можа прыняць і адно, і другое рашэнне. Паставіць кропку, прыняўшы бок Міністэрства юстыцыі. Альбо адхіліць іск Міністэрства юстыцыі, і даць магчымасць Таварыству беларускай мовы легальна працаваць, прыняўшы да ўвагі ўвесь той досвет дзейнасці Таварыства беларускай мовы, вагу сяброў, якія рэальна працуюць у рэальным сектары. Таму, незалежна ад таго, якое рашэнне ўрэшце-рэшт прыме Вярхоўны суд, у сяброў ТБМ застаецца шанец на тое, каб працаваць і дзейнічаць у імя дзяржаўнасці беларускай мовы, у імя інтарэсаў нашай нацыі і нашай краіны.

РР: Я так разумею, што вы ўсё адно не губляеце надзеі і маеце аптымістычны погляд на развіццё, калі не арганізацыі, то прынамсі той супольнасці, якая на выпадак закрыцця застанецца шанавальнікам беларускай мовы.

Алена Анісім: Калі раптам, па нечай злой волі, арганізацыя перастане існаваць, то людзі існаваць не перастануць, і не перастануць займацца той дзейнасцю, якую яны абралі, якую яны лічаць абавязанымі рабіць, а менавіта абараняць дзяржаўнасць беларускай мовы, абараняць інтарэсы беларускамоўных грамадзян.

РР: Ці ёсць магчымаць нашым радыёслухачам неяк дапамагчы арганізацыі і ў чым гэта можа праяўляцца?

Алена Анісім: Першая наша задача – гэта не мець запазычанасці за нашую сядзібу, у якой мы працавалі і пакуль што працуем, у якой знаходзяцца ўсе нашыя дакументы. Па-другое, мы ўдзячны ўсім за тую падтрымку, у тым ліку маральную, бо гэта надае сілы. І мы разумеем, што нашая арганізацыя – гэта не толькі тыя сябры, якія афіцыйна ў шэрагах нашай арганізацыі, але нашыя сябры – гэта ўсе тыя людзі, хто падзяляе нашыя мэты, хто падзяляе нашыя задачы і хто падзяляе нашую веру ў сапраўднае развіццё беларускай мовы як дзяржаўнай.

Цалкам размова:

Размаўляў Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя