Алена Анісім рыхтуецца да сустрэч з выбарцамі ў Стаўпцах і Нясвіжы



Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім распавяла пра дэпутацкую працу і жаданне, каб у парламенце гучала беларуская мова.

З мінулага панядзелка дэпутат Алена Анісім працуе ў сваёй акрузе. Па яе словах, “перш-найперш трэба ўстанавіць кантакт з мясцовымі ўладамі”.

Алена Анісім: Я зараз працую ў акрузе, а прыёмы выбарцаў у мяне прызначаны ў Стаўпцах на 28 кастрычніка і на 2 лістапада ў Нясвіжы. Але і зараз працы хапае. Знаёмлюся з мясцовым кіраўніцтвам, наведваю розныя аб’екты, якія патрабуюць увагі, сустракаюся з грамадзянамі…

РР: І што хвалюе найперш грамадзян?

Алена Анісім: Не магу дакладна пра гэта сказаць, бо прыёмаў пакуль не было, але з часам, безумоўна, даведаюся пра праблемы і хваляванні людзей. Хаця ёсць ужо адзін зварот, якія зараз знаходзіцца на разглядзе, і я спадзяюся, што пытанне вырашыцца альбо будзе запушчаны механізм для яго вырашэння. Зараз жа ў мяне задача – наладзіць працу з мясцовай выканаўчай уладай. Пазнаёміцца, вызначыць кола тых праблем, якія ўжо былі абазначаны маімі выбарцамі падчас выбарчай кампаніі. А далей трэба глядзець, што замінае ў межах заканадаўства, каб вырашаць нейкія праблемы. Трэба высвятляць гэтыя прабелы. Хаця ўвогуле, я заўважыла, што людзі не вельмі актыўныя ў сваёй супрацы з дэпутатамі.

РР: Таварыства беларускай мовы звярнулася да спікера парламента Андрэйчанкі, каб той вёў парламенцкія пасяджэнні на беларускай мове…

Алена Анісім: Быў такі зварот, але не ведаю, ці ёсць рэакцыя ў адказ, бо ў Менску не знаходжуся. 8 лістапада збяруцца дэпутаты і, мяркую, пытанне будзе разглядацца. Добра было б, каб у парламенце гучала беларуская мова.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя