Алена Анісім: У наступным годзе ўніверсітэт наўрад ці прыме студэнтаў



Старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім распавяла пра тое, чым займаецца пасля таго, як закончыўся тэрмін яе дэпутацкіх паўнамоцтваў у Палаце прадстаўнікоў.

 

Алена Анісім: Cумаваць не даводзіцца. Сёння вечарам павінна прайсці Рада усебеларускага кангрэса за незалежнасць, 14 снежня прымаю ўдзел у пасяджэнні дэмакратычных сілаў, на якім будзе разглядацца пытанне правядзення акцый за незалежнасць. Таму працы хапае.

А ў наступным месяцы ўжо пачнем рыхтавацца да з’езда Таварыства беларускай мовы, які пройдзе ў 2020 годзе, і да юбілею – 30-годдзя нашай арганізацыі.

РР: На з’ездзе будзеце вылучаць сваю кандыдатуру на пасаду старшыні?

Алена Анісім: Калі не ўбачу, што ёсць дастойны пераемнік, то давядзецца вылучацца самой. Не кінеш жа арганізацыю. Але, калі знойдзецца чалавек, якому можна перадаць старшынства, то чаму б і не? Змены ва ўладзе – гэта вельмі добра.

РР: Што за гэты год зроблена па стварэнні Нацыянальнага ўніверсітэта імя Ніла Гілевіча?

Алена Анісім: У нас ёсць першы дазвол на адкрыццё спецыяльнасцяў, а зараз мы рыхтуем дакументы і пададзім іх паўторна, каб нам дазволілі і іншыя спецыяльнасці. Таксама рыхтуем дакументы на атрыманне ліцэнзіі. Працэс адкрыцця ўніверсітэта ідзе, можа быць, і не такімі хуткімі тэмпамі, як хацелася б, але ж мы не дзяржаўная ўстанова.

РР: Ці ёсць шанец, што ў верасні наступнага года ўніверсітэт ужо прыме першых студэнтаў?

Алена Анісім: Тэарэтычна – гэта магчыма, але на практыцы – малаверагодна. Яшчэ ж нават няма ліцэнзіі, а таму не паспеем узгадніць усе іншыя арганізацыйныя моманты – правілы прыёму і гэтак далей. Таму будзем ісці да адкрыцця ВНУ крок за крокам.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя