Алена Анісім: Ужо падалі дакументы на атрыманне ліцэнзіі
Старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім распавяла, як ідзе праца па адкрыцці беларускамоўнага Нацыянальнага ўніверсітэта імя Ніла Гілевіча.
Алена Анісім: Дакументы на атрыманне ліцэнзіі падалі, і першасны разгляд дакументаў павінен адбыцца ў гэтым месяцы.
Трэба сказаць, што напачатку пазіцыя міністра адукацыі Ігара Карпенкі была прыкладна такая: маўляў, не трэба нам новая ўстанова адукацыі, іх ужо дастаткова. Але наша пазіцыя іншая: у Беларусі няма ніводнай установы вышэйшай адукацыі, дзе б навучанне праводзілася на беларускай мове.
Таму збіраемся пераканаць і міністра, што такі ўніверсітэт неабходны. Ён будзе рыхтаваць не спецыялістаў учарашніх прафесій, а беларускіх патрыётаў, людзей, арыентаваных на сучасны ўзровень эканомікі і развіцця грамадства. Пры гэтым стаіць задача ведаць некалькі моў, не толькі беларускую.
РР: Адным словам, усё будзе залежыць ад Міністэрства адукацыі?
Алена Анісім: Скажам так, мы будзем з гэтым ведамствам цесна працаваць, і я думаю, калі на адкрыццё ўніверсітэта будзе палітычная воля, то праблем не ўзнікне. Тым больш, беларускі кіраўнік публічна выказаўся, што, маўляў, людзі самі праявілі ініцыятыву і робяць справу ды пры гэтым не просяць у дзяржавы грошай.
Але я заўсёды казала і кажу: ніхто за нас нашу справу не зробіць. Таму зробім усё, каб універсітэт прыняў першы набор студэнтаў ужо ў 2020 годзе.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя