Алена Анісім: Ёсць беларуская дзяржава, павінна быць і беларуская мова



Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны рыхтуе прапановы для будучых кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі – уключыць у праграмы моўную тэму.

На думку кіраўніка ТБМ Алены Анісім, самыя важныя пытанні – захаванне незалежнасці, культуры, а таксама пашырэнне сферы ўжывання беларускай мовы ва ўсіх праявах жыцця:

– Тэма беларускай мовы для шматлікіх апрыёрна значыць тое, што раз ёсць беларуская дзяржава, павінна быць і беларуская мова, займаць усе пазіцыі, як і належыць у любой іншай краіне. Але тое, што для некага гучыць як аксіёма, для іншых яна ўвогуле не гучыць. Таму што яны лічаць, што ёсць права чалавека – на якой мове хачу, на такой і размаўляю, дзве дзяржаўныя мовы.

Яшчэ незразумелым застаецца беларускі складнік свята беларускага пісьменства, які сёлета павінен прайсці ў Бялынічах, Магілёўскай вобласці. Бо шмат што залежыць ад актыўнасці патрыятычных жыхароў, якія здолеюць адстаяць беларускасць і не дазволяць пэўным сілам у чынавенскім апараце прасунуць «рускі мір» у гэта свята, што пройдзе ў верасні.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя