Алена Анісім: З людской памяці сцяг не вытравіш
Старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім распавядае, да чаго можа прывесці ініцыятыва МУС.
У КДБ Беларусі паступіў на ўзгадненне праект акта МУС «Аб вызначэнні пералікаў арганізацый і іншых структур, нацысцкай сімволікі і атрыбутыкі». Пра гэта піша ў сваім тэлеграм-канале праўладны Саюза журналістаў.
Дакумент змяшчае пералік нацысцкай (калабарацыянісцкай) сімволікі і атрыбутыкі, у яго прапануецца ўключыць бел-чырвона-белы сцяг і лозунг «Жыве Беларусь».
Алена Анісім: Па, першае, сябры ТБМ ужо выказалі занепакоенасць наконт вышэйзгаданага, і, хутчэй за ўсё, будзе падрыхтавана адпаведная заява.
Бел-чырвона-белы сцяг – гістарычная сімволіка, а словы “Жыве Беларусь” належаць Янку Купалу. У такім выпадку трэба закрэсліваць усю беларускую гісторыю і закрэсліваць усю беларускую літаратуру.
Калі такая забарона адбудзецца, то гэта наогул будзе верхам цынізма ў Год народнага адзінства, бо такім чынам адзінства ў грамадстве дакладна не дасягнуць.
Менавіта пад бел-чырвона-белым сцягам у 1991 годзе паўстала незалежная Беларусь.
Відавочна, што некаму вельмі муляе вока пытанне незалежнасці Беларусі, некаму не падабаецца, а таму гэтае “лобі” узяло курс на канчатковае задушэнне Беларусі, як самастойнай краіны. Для мяне гэта відавочна.
РР: А хто, на ваш погляд, лабіруе гэтае пытанне?
Алена Анісім: У нас дзейнічаюць розныя прарасейскія сілы, якія ўзялі за мэту дыскрэдытаваць усіх нацыянальных і палітычных лідараў Беларусі. Гэта пастаянна робіцца.
Робіцца ўсё, каб нацыянальна свядомыя людзі сёння траплялі за краты, таму, думаю, вецер дзьме з Усходу.
РР: Калі насамрэч забароняць бел-чырвона-белы сцяг…
Алена Анісім: Сцяг, безумоўна, можна забараніць, але з людской памяці і душы гэта не вытравіш. І з гісторыі не выкінеш. У любым выпадку прыйдзе час, калі гэты сцяг ізноў вернецца. Усё стане так, як і павінна быць.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: фэйсбук