Алена Анісім: З наступнага году хочам пачаць набор студэнтаў
Старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анасім кажа, што працэс адкрыцця Нацыянальнага ўніверсітэта імя Ніла Гілевіча працягваецца і ва ўмовах эпідэміі.
Алена Анісім: На гэтым тыдні запатрабаваны Міністэрствам адукацыі чарговы пакет дакументаў падрыхтавалі і перадалі, чакаем нарэшце станоўчага выніку, каб пачаць працэс набору студэнтаў.
РР: А што гэта за пакет дакументаў?
Алена Анісім: Па адной спецыяльнасці ў нас ёсць станоўчае рашэнне, але Мінадукацыі запатрабавала прадаставіць ім дадатковыя дакументы. Усё зрабілі, і зараз будзем чакаць адказу.
А тады ўжо і ў Дэпартамент кантроля якасці адукацыі, дзе прымаецца канчатковае рашэнне і выдаецца ліцэнзія, накіруем дакументы. Таму зараз мы недзе на сярэдзіне шляху, але, спадзяюся, што, у рэшце рэшт, хаця б па гэтай спецыяльнасці дадуць станоўчае рашэнне.
А па астатніх спецыяльнасцях таксама падрыхтавалі дакументы ў адпаведныя метадычныя аб’яднанні, хаця варта адзначыць, што некаторыя заўвагі, якія нам робяць – гэта проста дробязь. Але мы і гэта выправім, каб наогул не было да нас прэтэнзій, хаця відавочна, што адкрыццё Нацыянальнага ўніверсітэта для Міністэрства адукацыі – гэта будзе ў пэўным сэнсе палітычнае рашэнне.
РР: Якія ўсё-такі перспектывы атрымання ліцэнзіі?
Алена Анісім: Мы настроены на тое, каб атрымаць ліцэнзію да кастрычніка 2020 году, каб затым абвясціць правілы прыёму, і з наступнага году пачаць набор студэнтаў.
Па законе менавіта да кастрычніка павінны быць абвешчаны правілы прыёма. У нас стаіць такая задача. А як Мінадукацыі адрэагуе – час пакажа.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота БелаПАН