Алена Гундар пра мужа-палітвязня: Худы, пастарэў вельмі
У Гарадзенскай турме №1 судзяць так бы мовіць тэрарыстычную „групоўку Аўтуховіча”. У склад якой уваходяць амаль усе пенсіянеры пасля 60-ці і інваліды. Дзеянні гэтай групоўкі набылі міжнародную афарбоўку пасля пачатку вайны, якую развязала Расея ва Украіне. Цяпер для таго, каб публіка паверыла ў сур’ёзнасць намераў беларускіх пенсіянераў і інвалідаў, прывязваюць да справы спецслужбы Украіны.

Пра моманты судовага пасяджэння мы паразмаўлялі з „Госцяй Рацыі” жонкай інваліда другой групы палітвязня Уладзіміра Гундара Аленай Гундар:
– Асабліва няма чаго расказваць. Усё ідзе, як ідзе. Была я там, бачыліся з ім.
РР: Як зараз выглядае Уладзімір?
– Худы, пастарэў вельмі. Я ўжо прызвычаілася. З самага пачатку, як у Берасці пасля першай галадоўкі ён тады пахудзеў, скінуў амаль 20 кілаграмаў. Можа ён дагэтуль і не набраў нічога.
РР: Быў у карцары?
– Дзякуй Богу, яго выпусцілі з карцара 28-га жніўня. 1-га я бачыла яго, было пасяджэнне з двух гадзін да шасці. Ужо другога з раніцы ён пасядзеў, а перад абедам яго выдалілі з залі пасяджэнняў.
Беларускае Радыё Рацыя
