Алена Гундар: Супраць Валодзі завялі новую справу



17 кастрычніка 2022 года ў Беларусі асуджаны на вялікія тэрміны 12 чалавек так званай „групоўкі Аўтуховіча”. Паводле абвінавачвання, ва Украіне восенню 2020 года па ініцыятыве Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны нібыта была створаная ўзброеная група. Яна павінна была дапамагчы групе Аўтуховіча ў гвалтоўным захопе ўлады. Пры гэтым адзначаецца, што не выключалася фізічнае знішчэнне Лукашэнкі.

Уладзімір і Алена Гундар.

На суд былі дапушчаны толькі блізкія абвінавачаных.

З жонкай аднаго з іх, госцяй Беларускага Радыё Рацыя Аленай Гундар, мы паразмаўлялі пра апошнія падзеі ў справе „групоўкі Аўтуховіча”:

РР: Што можаце сказаць?

– Усё цягнецца так, як і цягнулася па-ціху. Яны сядзяць, слухаюць свае аўдыязапісы судовага працэсу, кожны дзень ходзяць, як на працу. Адзіная навіна, супраць Валодзі завялі новую справу.

РР: Якую?

– Па артыкуле 369 за абразу пракурора.

РР: Калі ён абразіў?

Я так разумею, што гэта было тады, калі яго распранутым прынеслі ў суд і прыкавалі да кратаў. Ён выкрыкваў нешта, але ж пракурорша пачула абразу. Супраць яго завялі новую справу, там тэрмін да трох гадоў. Ён адмовіўся ад дачы паказанняў, ён нічога не казаў па гэтай справе. Яны вядуць гэтую справу, але ён нічога не кажа. Калі яна скончыцца невядома. Мусіць хутка, бо да 15-га студзеня яны яшчэ будуць у Гародні. Будуць хадзіць, слухаць аўдыязапіс. Калі будзе апеляцыя, тады ўжо будзе штосьці вядома.

РР: Вы верыце ў апеляцыю?

Не, тут нават ніякіх сумневаў няма. Як было і па першай яго праве, гэта чыста фармальнасць, каб яны сядзелі на месцы і іх не раскідвалі па калоніях. Палепшыць не, а могуць яшчэ і дадаць, такое бывае.

РР: Яшчэ ніхто не ведае, каго куды адправяць?

– Не, ніхто нічога не ведае. Адно толькі, сам Мікола Аўтуховіч застаецца на пяць гадоў у турме, у „крытцы”. Хутчэй за ўсё будзе там у Гародні. Па калоніях, але куды ніхто не ведае. Ахоўнікі і самі не ведаюць, бо гэта не ад іх залежыць.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

З „Госцяй Рацыі” Аленай Гундар размаўляла наш карэспандэнт Аліна Андрыевіч.

Беларускае Радыё Рацыя