Алена Колікава: Мяне не мінула рэпрэсіўная машына
З Беларусі з’ехала шмат актыўных людзей, якія ратаваліся ад рэпрэсіўных дзеянняў лукашэнкаўскага рэжыму. Давялося з’ехаць за мяжу і госці Радыё Рацыя Алене Колікава з Салігорска. Супраць яе была ўзбуджана крымінальныя справы за арганізацыю беспарадкаў і дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.
З Аленай Колікавай пагутарыла карэспандэнт Радыё Рацыя Ганна Васілевіч.
РР: Якія абставіны прымусілі вас пакінуць Беларусь яшчэ да выбараў?
Алена Колікава: Я вымушана была пакінуць Беларусь па той прычыне, што мяне не мінула рэпрэсіўная машына нашай дзяржавы.
РР: Чаму менавіта на вас, чалавека, які ўсё ж такі быў па-за палітыкай, была звернутая ўвага сілавых структур у 2020 годзе?
Алена Колікава: Напэўна таму, што я зацікавілася ў большай ступені палітыкай у 2018-2019 гадах, калі быў прыняты закон аб адтэрміноўках, і мы рыхтавалі рэформу гэтага заканадаўства. Тады я накіравала свой погляд у бок арміі і таму апынулася ў групе “Армія з народам”. І за гэту групу на мяне ды іншых людзей завялі крымінальную справу. Таму я і была вымушаная пакінуць Беларусь.
РР: У гэтую групу вы ўвайшлі ў 2018 годзе?
Алена Колікава: Не. Яна была ўтворана ў 2020 годзе ў чэрвені. І ўжо ў ліпені на нас пайшла хваля рэпрэсій. Нас пачалі рэгулярна саджаць, выпускаць, зноў саджаць. І вось апошні раз, калі, напэўна, была вялікая небяспека для мяне, была крымінальная справа. Да таго ж крымінальная справа была заведзеная і з нагоды мітынгу Ціханоўскага 29 траўня, артыкул 342.
РР: А дзе ён адбываўся?
Алена Колікава: У Гародні, калі ўзялі Ціханоўскага з усёй яго камандай.
РР: Вы там былі?
Алена Колікава: Не, я там не была. Але мяне абвінавацілі ў арганізацыі гэтага мітынгу дыстанцыйна. Таму я вымушаная была пакінуць Беларусь яшчэ да выбараў.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя
Фота з адкрытых крыніц