Алена Лапцёнак: Заклікаем павіншаваць палітвязняў з Калядамі і Новым годам



Праваабаронцы заклікаюць сяброў, знаёмых і ўсіх неабыякавых людзей не забываць пра іх калегаў, якія знаходзяцца за кратамі, і павіншаваць іх з Божым Нараджэннем, Новым годам і Калядамі.

Паколькі арыштаваныя вясноўцы, як і іншыя палітвязні маюць праблемы з карэспандэнцыяй: не ўсе адпраўленыя лісты ды паштоўкі даходзяць да іх, то лепш віншаваць іх невялікімі святочнымі бандэролькамі, кажа сябра праваабарончага цэнтра “Вясна” Алена Лапцёнак:

– Гэта можа быць самае простае ўкладанне – арэшкі, дазволеныя сухафрукты, кава, ці гарбата, розныя калядныя прысмакі, проста шакалад. Не трэба шмат. Галоўнае, што бандэроль абавязкова перададуць і гэта будзе цудоўная падтрымка нашым Алесю, Валіку, Уладзю, Марфе, Андрэю. У Леаніда Судаленкі і Таццяны Ласіцы на 14 студзеня прызначана касацыя, пасля якой гэтага зрабіць ужо будзе нельга. Таксама мы раім віншаваць каляднымі бандэролямі ўсіх палітвязняў у каго яшчэ не было прысуду, ці ён не ўступіў у законную сілу.

Паводле Алены Лапцёнак, тым, хто за кратамі, вельмі важна наша ўвага і дапамога. Яны ахвяруюць сваёй свабодай і здароўем дзеля нашай свабоды.

Аліна Андрыевіч, Беларускае Радыё Рацыя