Алена Макоўская: Варта падтрымліваць дыяспару



Мяркуецца, што сёлета ў VII з’ездзе Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” возьмуць удзел беларусы з 18-ці краін cвету. Гэты з’езд будзе праходзіць пад слоганам “Беларуская нацыя, беларуская дзяржаўнасць, беларускае замежжа – выклікі сучаснасці, стратэгіі развіцця”, – кажа кіраўніца “Бацькаўшчыны” Алена Макоўская:

– Падрыхтоўка ідзе, падрыхтоўка ідзе як звычайна вельмі напружана, асабліва перад форумам такога ўзроўню. Мяркуем, што ў з’ездзе будуць браць удзел прадстаўнікі каля 18-ці краін. Цяпер самы гарачы перыяд, бо да з’езда засталося літаральна некалькі дзён, адбываюцца нейкія змены ў праграме і ў складзе ўдзельнікаў. Адбываюцца нейкія форс-мажоры, калі людзі не могуць прыехаць, адбываецца замена пратаколаў і ўдзельнікаў, але тым не менш падрыхтоўка ідзе. З’езду быць.

РР: Што будзе на парадку дня?

– Як звычайна гэты з’езд, як і мінулыя з’езды, ён мае сваю мэту – гэта беларуская нацыя, беларуская дзяржаўнасць, беларускае замежжа, выклікі сучаснасці, стратэгія развіцця. Усяго падчас з’езду будзе працаваць тры секцыі. І мы думаем, што гэтыя секцыі найбольш поўна раскрыюць тэму з’езда. Першая секцыя будзе прысвечаная беларускай дзяржаўнасці – станаўленне рэалій і перспектывы. Другая будзе больш практычнага характару: Беларуская дыяспара і Беларусь – стратэгія ўзаемадзеяння. І трэцяя, якая скіраваная на культурны аспект: Беларуская мова і культура – аснова нацыянальнай дзяржаўнасці. Зараз тэндэнцыя такая, што ў сувязі з глабалізацыяй мяняюцца ролі і месцы дыяспары. Тыя краіны, якія пачынаюць першымі ўсведамляць гэтыя працэсы, хутчэй рэагуюць і пачынаюць выкарыстоўваць у сваёй знешняй палітыцы, яны выйграюць. Мы бачым гэта на шмат якіх прыкладах: Ірландыя, Кітай, Індыя. Пры вялікай колькасці людзей, якія пражываюць унутры краіны, тым не менш яны вядуць прагматычную і ўзважаную палітыку адносна сваіх суайчыннікаў за межамі. Нам падаецца, калі мы не будзем ісці гэтым шляхам, то нашай краіне наканавана стагнацыя ва ўсіх сферах. Беларусы выязджаюць, дыяспара павялічваецца. Мяняецца роля дыяспары, бо раней яна ацэньвалася ў крыху негатыўным рэчышчы. Мне падаецца, што цяпер Беларусі дыяспара патрэбна больш, чым дыяспары Беларусь. Вельмі важна падтрымліваць дыяспару, будаваць масты ды пашыраць супрацоўніцтва.  

РР: Вы прыгадалі, што іншыя краіны падтрымліваюць дыяспару выдачай адмысловых дакументаў. Здаецца такая ініцыятыва ўзнікала і ў Беларусі? Дзяржава распрацоўвала “Карту суайчынніка”.

– Не, гэта ідэя ўзнікла менавіта ў “Бацькаўшчыны”, як раз сярод беларускай дыяспары. Мы абмяркоўвалі не адзін з’езд і аднойчы звярталіся да ўраду менавіта з тым, каб было прынята пасведчанне, якое можна як заўгодна назваць. Дзяржава зрабіла першы крок, бо прыняты ў 2014 годзе закон „Аб беларусах замежжа”. Але гэты закон больш дэкларатыўны і ён фактычна з’яўляецца падмуркам, на якім павінны будавацца больш практычныя падзаконныя акты і нейкія дакументы, якія павінны раскрываць змест гэтага закона. У дадзеным выпадку не аднойчы гучала прапанова менавіта пра стварэнне такога “Пасведчання беларуса”. Гэта пасведчанне не толькі б дало магчымасць наладзіць узаемадзеянне, але і разумець, што з сябе ўяўляе дыяспара, хто гэтыя людзі. Як мы можам казаць пра выдачу нейкіх віз, калі мы не ведаем каму мы іх выдаем. Абсалютна на іншым узроўні павінна адбывацца праца амбасад. Мы казалі пра тое, што варта, каб былі людзі адказныя за супрацоўніцтва з беларускай дыяспарай. Наперадзе напэўна вельмі шмат працы, трэба з чагосьці пачынаць. Першым практычным крокам стала б прыняцце гэтага дакумента, які б даваў дадатковыя магчымасці тым беларусам, якія пражываюць у замежжы, што яшчэ больш узмацніла б іх сувязь са сваёй краінай.    

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле

Паводле Алены Макоўскай, адной з задач VII з’езду Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” стане абмеркаванне ўмоў для наладжвання ўзаемадзеяння беларускай дыяспары са сваёй краінай не толькі ў культурнай, але таксама ў эканамічнай сферы.

Беларускае Радыё Рацыя