Алена Маслюкова: Гэта наступствы цяперашніх жахаў



Хваля затрыманняў рабочых пракацілася па Беларусі з 21 па 23 верасня. Праваабарончы цэнтр “Вясна” сёння прадставіў імёны 13-ці затрыманых — яны змешчаны ў СІЗА КДБ і СІЗА горада Гомеля.

Сваю ацэнку падзеям дала праваабаронца “Вясны” Алена Маслюкова ў размове з нашай карэспандэнткай Евай Бардзілоўскай.

РР: Сярод затрыманых супрацоўнікі «Гродна Азот» – гэта з Гародні. БМЗ – гэта са Жлобіна. І «Нафтан» – гэта Наваполацк. Чым рэгламентавана такая геаграфія, ці проста былі ўзятыя асноўныя рабочыя, якія складалі гэтую арганізацыю – «Рабочы рух».

Алена Маслюкова: Па-першае, пра дзейнасць самога «Рабочага руху» як бы асабліва і не пісалі, наколькі я разумею, у сродках масавай інфармацыі. Я думаю, што выбар выпаў на гэтыя прадпрыемствы таму, што яшчэ ў 2020 годзе, пасля сумнавядомых выбараў, даволі актыўна сябе паводзілі рабочыя менавіта гэтых прадпрыемстваў. Мы добра памятаем, як 17 жніўня на БМЗ адбыўся страйк, ці прынамсі была зроблена спроба арганізаваць страйк. Частка рабочых гэтага прадпрыемства ўжо была пакараная, але па іншых абсалютна артыкулах. Гэта быў 342 артыкул Крымінальнага кодэкса «За арганізацыю або ўдзел у масавых несанкцыянаваных мерапрыемствах». І такім чынам, мы бачым, што ўлада працягвае помсціць і помсціць менавіта рабочым тых прадпрыемстваў, якія да гэтага часу выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю. На мінулым тыдні ў Жлобіне былі затрыманы прынамсі 4 работнікі прадпрыемства. Праўда, адна з іх ужо не працавала на прадпрыемстве, гэта жанчына, адзіная сярод іх, — Святлана Зыль. І мяркуючы па тым, што адбываецца зараз у Жлобіне, вось паступіла інфармацыя, што вялікая колькасць аўтазакаў стаіць каля прахадной Беларускага металургічнага завода, гэта пэўна гаворыць пра тое, што там ідуць таксама затрыманні. І інфармацыя на кантролі. Людзі, якія могуць валодаць гэтай інфармацыяй, з намі на сувязі. Я думаю, што свежая інфармацыя будзе паступаць.

РР: Але усё ж такі гэта было год таму, калі супрацоўнікі БМЗ 17 жніўня выступілі з пагрозай страйка. Але ўжо прайшло больш за год. Чаму толькі праз год?

Алена Маслюкова: Я думаю, што ўлада была напалоханая ў мінулым годзе гэтымі актыўнымі дзеяннямі на столькі, што яе гэта проста не адпускае. І любая інфармацыя, якая з’яўляецца ў сацсетках, што рыхтуюцца нейкія масавыя выступленні, вось як зараз актыўна гаворыцца, што „Рабочы рух” арганізаваўся і рыхтуецца ўсеагульная беларуская стачка, альбо прадпрыемствы гатовыя баставаць, і гэта выклікае, відаць, проста катастрафічнага памеру жах у несапраўднага кіраўніка краіны. І я думаю, што гэта наступствы вось гэтых жахаў.

Цалкам размова:

Вядома, што рабочых затрымалі ў межах крымінальнага артыкула 356, а гэта здрада дзяржаве. Пакаранне па ім – да 20 год пазбаўлення волі. Праваабарончы цэнтр “Вясна” працягвае сачыць за сітуацыяй.

Размаўляла Ева Бардзілоўская, Беларускае Радыё Рацыя