Алена Маслюкова: Гэта такі цынізм, гэта такое нахабства
Суддзя Светлагорскага суда Руслан Царык палічыў немэтазгодным выклікаць сведак па адміністрацыйнай справе праваабаронцы Алены Маслюковай. Яе абвінавачваюць у арганізацыі флэш-моба 15 верасня “Светлагорск – за чыстае паветра”. Паседжанне па справе Маслюковай было перанесена з 8 кастрычніка на 9-е адмыслова па яе заяве. Праваабаронца запатрабавала сведак на працэс, а не іх пісьмовыя паказанні, як гэта было ў грамадскага актывіста Анатоля Змітровіча па гэтай жа справе, кажа Алена Маслюкова:
– Больш за тое, я яшчэ адзначыла, што я катэгарычна патрабую ў выпадку іх адмовы здзейсніць прымусовы прывод у суд, каб яны далі свае паказанні, гледзячы мне ў вочы. Суддзя палічыў гэта немэтазгодным, сведкі ў суд не запрашаліся.
Па словах Алены Маслюковай, пісьмовыя сведчанні напісаны як пад капірку. Сам суддзя пасмейваўся іх чытаючы. Прысутная на судзе кандыдат філалагічных навук Людміла Асінская лічыць, што напісаны яны адным стылем.Першая ў жыцці Маслюковай судовая справа і пакаранне штрафам у 25 базавых прывялі яе літаральна ў шок:
– Я ведала, што пляскаюць у далоні людзі з адной рукой, што нецэнзурна выказваюцца нямыя ад нараджэння. Да канца немагчыма ўсё гэта зразумець, пакуль ты сам праз гэта не пройдзеш. Гэта такі цынізм, гэта такое нахабства.
І Алена Маслюкова, і Анатоль Змітровіч будуць абскарджваць незаконнае рашэнне суддзі Царыка.
Беларускае Радыё Рацыя