Алена Маслюкова пра працэс над кіраўнікамі ПЦ „Вясна”



У Беларусі судзяць праваабаронцаў. На лаве падсудных кіраўніцтва праваабарончага цэнтра „Вясна” – аднаго з самых вядомых у краіне. Прайшло 8 пасяджэнняў.

Пра суд над праваабаронцамі мы пагаворым з іх калегай Аленай Маслюковай:

РР: Ці чакалася, што кіраўніцтва „Вясны” арыштуюць у 2021 годзе?

Я думаю, што гэта справа была абсалютна чаканая. Па той простай прычыне, што рэпрэсіі ў краіне пачаліся яшчэ да пачатку выбарчай кампаніі 2020 года. Я так думаю, што лагічным завяршэннем стала знішчэнне ўсёй грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. У тым ліку такога моцнага ціску на праваабарончыя арганізацыі, на праваабарончую супольнасць. Таму арышт маіх калег спадара Алеся, Валянціна і Уладзіміра – гэта як раз такі паказчык рэпрэсій, якія павялічыліся ў Беларусі.

РР: Па якім артыкуле яны былі затрыманыя?

– Першапачаткова, наколькі я памятаю, іх затрымлівалі па артыкуле нясплаты падаткаў. Але тут атрымалася неправавая калізія, у тым сэнсе, што немагчыма сплачваць падаткі ад імя таго, чаго няма. Праваабарончы цэнтр „Вясна” дэ-юрэ не існавала. Улады ўжо даўно, яшчэ на пачатку 2000-х гадоў, закрылі гэтую праваабарончую арганізацыю. Відаць калі следства зразумела, што яны проста не могуць сваіх ідэалагічных ворагаў, як яны лічаць, прыцягнуць да адказнасці па гэтым артыкуле, то пачалі шукаць іншыя падставы для прыцягнення да адказнасці маіх калег. Такім чынам з’явіліся два артыкулы – гэта частка 4 артыкула 228 (кантрабанда арганізаванай групай) і частка 2 артыкула 342 (фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Тут таксама ўзнікаюць гэтыя недарэчнасці, вялікія сумневы наконт кантрабанды і вялікія сумневы наконт фінансавання групавых дзеянняў. Дэ-факта ні таго ні другога не было. Кантрабанда, наколькі я разумею, гэта незаконны ўвоз у Беларусь грошай, каторымі потым карысталася і дзяржава. Што значыць незаконна? Каго затрымалі на мяжы і сказалі, што вы вязеце больш за 10 тысяч умоўных адзінак? Нікога. Дык якая можа быць цяпер кантрабанда? Зараз сітуацыя склалася такая, што людзей абвінавачваюць у тым, чаго не было. Вось гэтыя проста абсурдныя абвінавачванні мусяць выслухоўваць абсалютна адэкватныя, нармальныя, законапаслухмяныя грамадзяне, сапраўды гонар беларускай нацыі. Сёння знаходзяцца за кратамі і сядзяць у кайданках, як злачынцы, каторыя пазабівалі людзей. Вось гэта сітуацыя павінна турбаваць беларусаў. Чаму так склалася?

РР: Магчыма артыкул па падатках адмянілі з-за таго, што па ім меншы тэрмін?

Я разумею, пра што вы гаворыце. Справа ў тым, што які б суд не быў, ці яго б у прынцыпе не было, твар яны мусяць трымаць, а гэта азначае, што яны павінны прадставіць больш ці менш доказную базу. Што яны могуць прадставіць? Яны і па гэтай справе не могуць прадставіць нічога важкага. Тое, што сапраўды далучаюць артыкулы, якія ўзмацняюць і павялічваюць пакаранне, то гэта безумоўна. Гэта робяць не толькі з праваабаронцамі „Вясны”. Сёння ўлады робяць гэта з усімі палітычна матываванымі справамі ў Беларусі. Яны фактычна даюць за здзейсненае дзеянне даюць прысуды і пакаранні, якія ў разы большыя, чым гэта было б пры нармальнай сітуацыі, якія налажыла б заглядаць ці ўвогуле не разглядаць. Вось у такой сітуацыі сёння аказаліся сёння мае калегі.

РР: Ці не сведчыць замена артыкулаў пра надуманасць і не з’яўляецца помстай?

– Мне не здаецца, пра гэта ведае ўвесь свет, пра гэта ведаюць усе дэмакратычныя сілы Беларусі. Гэта безумоўна, канешне помста. Гэтая ўлада, якая сёння ўзурпаваная і знаходзіцца ў руках адной асобы, якая пры дапамозе сваіх сілавых структур імкнецца давесці кожнаму беларусу, што яны там улада, забываючы пра тое, што ўлада ў краіне – гэта народ. Вось на што трэба звярнуць увагу і пра што трэба гаварыць. Канешне гэта помста, безумоўна помста за тое, што праваабаронцы не засталіся ў баку ад бедаў людзей, прыйшлі на дапамогу людзям, якія пацярпелі ад гэтага крывавага рэжыму.

Цалкам гутарку слухайце гутарку ў далучаным гукавым файле.

З Аленай Маслюковай размаўляла наш карэспандэнт Аліна Андрыевіч.

Беларускае Радыё Рацыя