Алена Маслюкова: Праблема з заводам беленай цэлюлозы не вырашана
Усе заявы ўлады пра нібыта вырашаную праблему з заводам беленай цэлюлозы ў Якімавай Слабадзе пад Светлагорскам — не болей чым папулізм.
Улады відавочна не спраўляюцца з праблемамі і самі не ведаюць, што рабіць з заводам, а людзі ўжо не вераць пустым словам урада, – кажа актывістка супраціву дзейнасці завода Алена Маслюкова.
– Абсалютна папулісцкая акцыя, якую робіць урад, якую робіць чалавек, які займае пасаду прэзідэнта. Не больш за тое. Гэты завод, на маю думку, ён абсалютна непрацаздольны. Людзі проста ў жаху, што калісьці ён выйдзе на поўную магутнасць, што тады чакаць. І гэтая праблема не вырашана. І колькі б улады не казалі, што ўсё вырашана. Назараў тут не жыве, гэты старшыня канцэрна. І калі б той самы Аляксандр Рыгоравіч не захацеў быць падманутым, завярнуць за кут гэтага завода, ён бы адчуў на сябе ўсе гэтыя задавальненні. Ён жа не хацеў гэтага бачыць.
Пра нявызначанасць улады з планамі кажа і тое, што завод ніяк не могуць вывесці на поўную магутнасць. На думку Алены Маслюковай, гэта больш чым яскрава сведчыць пра тое, што самі ўлады баяцца наступстваў такога запуску. Пакуль жа і частковая праца завода беленай цэлюлозы выносіць вялікі смурод на вуліцы Якімавай Слабады і Светлагорска, кажуць актывісты.
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота Беларускі дом правоў чалавека