Алена Маслюкова: Праваабаронца – гэта стан душы



Не зважаючы на спробы ўладаў знішчыць беларускі праваабарончы цэнтр „Вясна”, не зважаючы на тое, што лідары „Вясны” знаходзяцца за кратамі, сама арганізацыя працягвае сваю дзейнасць. Пра тое, як не спыняцца і бараніць правы беларусаў нават у эміграцыі – мы паразмаўлялі з нашай госцяй Аленай Маслюковай.

РР: Сёння пачнецца разгляд апеляцыйнай скаргі лідараў праваабрончага цэнтра „Вясна” Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча, Уладзіміра Лабковіча. Ці ёсць яшчэ нейкія спадзяванні, надзея на гэтае апеляцыйнае пасяджэнне? Або можа якія б словы падтрымкі сказалі б цяпер сваім калегам і сябрам, калі б была такая магчымасць?

– Не ўпэўненая, што ўсё можа вырашыцца ў лепшы бок. Наш досвед назірання за ўсім, што адбываецца ў Беларусі, на жаль паказвае, як раз такі мінусавы вынік. Колькі б абскарджанняў не падавалі ў розныя інстанцыі, у абласныя, у Вярхоўны суд, ніводная апеляцыйная скарга не была задаволена. Я думаю, што ў адносінах да лідараў праваабарончага цэнтра „Вясна”, улада зойме тую ж самую пазіцыю. Канешне гэта вельмі сумна, бо мы ўсе добра разумеем наколькі сфальсіфікаваная гэтая справа, наколькі яна не з’яўляецца аб’ектыўнай, наколькі людзей прэсуюць фактычна за тое, што яны займаліся вельмі годнай справай, праваабарончай справай. Я так думаю, што прыйдзе час і акцэнты будуць расстаўлены так, як яны мусяць выглядаць. Цалкам верагодна, што тыя людзі, якія сёння прэсуюць і катуюць маіх сяброў, маіх суайчыннікаў, таксама апынуцца на лаве падсудных. Пэўна, што яны будуць звяртацца да праваабаронцаў, каб яны таксама абаранілі іх правы, каб назіралі за тым, каб усё адбывалася па законе, справядліва, не парушаючы правы чалавека. Гэта цалкам верагодна.

РР: Што б хацелі ім сказаць?

Я хачу сказаць усім, хто датычны да фальсіфікацый, да вынясення несправядлівых прысудаў, да парушэння беларускага заканадаўства, да парушэння канстытуцыйных нормаў, да парушэння міжнародных нормаў і стандартаў правоў чалавека, што гэта ўсё фіксуецца. Дзеля таго і існуе праваабарончая супольнасць. Мы не кажам пра тое, што мы будзем помсціць, не, ніякім чынам. Але я думаю, што прыйдзецца адказваць за ўсё, што было зроблена і пра гэта трэба заўсёды памятаць.

РР: Улады спрабавалі зліквідаваць праваабарончы цэнтр „Вясна”, каб ён не дзейнічаў. Менавіта таму лідары „Вясны” цяпер за кратамі. „Вясна” выжыла, хоць дзейнасць на жаль працягваецца ў эміграцыі. Наколькі цяжка цяпер праводзіць такую праваабарончую працу? На чым вы найбольш канцэнтруеце свае высілкі на сёння?

Я б сказала, што праваабарончая праца заўсёды была вельмі цяжкая. Калі сказаць увогуле пра развіццё праваабарончага руху ў свеце, то ён заўсёды з’яўляўся справай небяспечнай. У тым ліку і для кожнай асобы, каторая прыйшла ў праваабарону. Зразумела, што мы стаім на пазіцыях таго, што правы чалавека перадусім. І вельмі часта так бывае, што правы чалавека супярэчаць пазіцыям або палітыцы дзяржаў. Мы ведаем шмат прыкладаў, калі праследаваліся праваабаронцы ў розных краінах свету, Беларусь у гэтым плане не выключэнне. Але трэба дакладна ведаць, што праваабарончая супольнасць гэта не секта, якая сабе нешта там напрыдумляла, гэта людзі, якія найперш цэняць правы чалавека, цэняць тое, чым можа карыстацца і павінен карыстацца кожны чалавек. Мы займаемся і адукацыйнымі праграмамі, каб людзі разумелі, што такое правы чалавека. Мы даем яму ў рукі механізмы, як трэба іх бараніць, гэтыя правы чалавека. Я думаю, што сітуацыя ў Беларусі, вось тая, якая зараз паўстала, адной з прычын вось гэтай сітуацыі, як раз такі і з’яўляецца менавіта тое, што людзі, якія сёння знаходзяцца ў праваахоўнай сістэме, у сістэме МУС, КДБ і гэтак далей, яны пэўна нават не навучаліся разуменню, стандартам правоў чалавека. Яны не ведаюць, што гэта такое, як з гэтай лялькай гуляць. Таму мы фіксуем сотні тысяч парушэнняў правоў чалавека. З гэтым трэба нешта рабіць. Я думаю, што кожны чалавек датычны да тых парушэнняў, мусіць адказваць. Мы да гэтага яшчэ прыйдзем. Канешне зараз, калі мы апынуліся ў выгнанні, нам цяжка, нам вельмі цяжка, цяжка, што няма побач з намі нашых сяброў, цяжка, што людзі раскіданыя па свеце, але праваабаронца – гэта стан душы. Таму мы імкнёмся захаваць усе тыя набыткі, якія мы мелі ў Беларусі. Мы працуем для Беларусі, мы працуем для беларусаў. Знаходзячыся ў замежжы мы прыкладаем больш высілкаў для нашай працы. Тым не менш мы выконваем усе тыя абавязкі, якія былі ў нас і раней, мы робім тую ж самую працу.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

Беларускае Радыё Рацыя