Алена Маслюкова: Светлагорскія ўлады працягваюць атручваць людзей



Адзін з пацярпелых ад шкодных выкідаў завода белёнай цэлюлозы ў Светлагорску звярнуўся ў мясцовую лякарню і запатрабаваў, каб яго выпадак быў афіцыйна зафіксаваны, расказала сябра праваабарончага цэнтра “Вясна”, арганізатар супраціву Алена Маслюкова:

– Ён быў каля гэтага завода і адчуваў гэты пах, і адчуваў гэты пах у горадзе. Яго ванітавала, у яго забалеў страўнік, ён пачаў кашляць, было цяжка дыхаць. Медыкі гэта зафіксавалі. Як пачалося 17 студзеня і да сённяшняга дня. Людзі перыядычна адчуваюць гэтыя моцныя пахі, прычым гэтыя пахі так уплываюць, што людзі пачынаюць кепска сябе адчуваць.

Паводле Алены Маслюковай, светлагорскія ўлады і ўлады краіны фактычна атручваюць людзей, якія жывуць у Светлагорску. Гэта экалагічны генацыд. І не даюць дазволу людзям выказаць праблемы публічна, сабраўшыся разам. Парушаць правы светлагорцаў на масавыя мерапрыемствы ўладам дапамагаюць суды – як мясцовы, так і абласны, – гаворыць Алена Маслюкова.

Беларускае Радыё Рацыя