Алена Маслюкова: Сёння сітуацыя з правамі чалавека нават пагаршаецца



Правы чалавека ў Беларусі працягваюць нахабна і груба парушацца з дазволу Аляксандра Лукашэнкі, які лічыць сябе прэзідэнтам. Мы пагутарылі пра гэта з госцей Радыё Рацыя Аленай Маслюковай.

РР: Якая сітуацыя з правамі чалавека склалася менавіта апошнім часам?

Алена Маслюкова: Пытанне ў прынцыпе не новае. Гэта пытанне, адказ на якое давалі мы не адзін раз. І самае крыўднае, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не паляпшаецца. Я б сказала, нават назіраецца відавочнае пагаршэнне. І парушэнні правоў чалавека праваабаронцамі фіксуюцца штодня. Гэта тычыцца не толькі тых праваабаронцаў з вялікай літары, якіх помслівая ўлада зараз утрымлівае за кратамі. Гэта тычыцца і простых людзей, звычайных людзей, розных спецыяльнасцяў, рознага ўзроўню адукацыі, якія таксама патрапілі ў жорны гэтых рэпрэсіяў, жудасных рэпрэсіяў, якія адбываюцца ў 21 стагоддзі, здавалася б, у цывілізаванай еўрапейскай краіне. Мы, на жаль, дажыліся да такога часу, калі ў краіне закон не мае ніякага значэння. Таму што кіруецца абсалютным бязладдзем і волей аднаго чалавека. Сёння ў Беларусі 1040 палітвязняў. Я не памятаю ў гісторыі такога, каб у еўрапейскай краіне ў 21 стагоддзі колькасць палітычных вязняў вымяралася тысячамі. І мне вельмі сорамна, балюча і трывожна ад таго, што гэта адбываецца ў маёй краіне, на маёй радзіме.

Калі казаць пра тое, што апошнім часам адбылося. Дык вось, 26 студзеня адпраўлены у ПК-3, гэта папраўчая калонія ў пасёлку Віцьба ў Віцебскай вобласці, мой сябра, аднадумца, мой калега па праваабарончаму цэху спадар Леанід Судаленка. Калега, валанцёрка, праваабаронца Таццяна Ласіца яшчэ застаецца ў СІЗА №3 у Гомелі. Калі казаць пра гомельскі рэгіён, то такімі балючымі кропкамі, па-ранейшаму, застаюцца Жлобін і Гомель. Менавіта ў гэтых двух гарадах адбываецца найбольшая колькасць затрыманняў людзей і найбольшая колькасць прысудаў. Толькі за студзень 2022 года ў Гомелі, Жлобіне, Светлагорску, Рэчыцы было пакарана па крымінальных артыкулах 27 чалавек.

РР: Па якой прычыне іх арыштоўваюць, затрымліваюць і караюць?

Алена Маслюкова: Калі казаць, напрыклад, пра Жлобін, то большасць людзей там прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса, гэта за ўдзел і масавы пратэст падчас заканчэння выбарчай кампаніі. То бок, з 9 на 10 жніўня 2020 года людзі, незадаволеныя тымі вынікамі, якія паказала ўлада, выйшлі, каб выказаць свой пратэст. Выйшлі на мірны пратэст, каб бараніць свой голас. І ў выніку патрапілі вось пад такі суровы «замес».

Да сённяшняга дня працягваюцца ўзбуджэнні крымінальных справаў менавіта па гэтым артыкуле. Калі казаць у цэлым па вобласці, то значна скарацілася колькасць людзей, прыцягнутых па 342 артыкуле, але пры гэтым прапарцыянальна павялічылася колькасць людзей, якіх прыцягваюць па іншых артыкулах. Гэта 368 артыкул, 369-ы, гэта тычыцца абразы прэзідэнта, альбо абразы службовых асобаў. Пра што гэта гаворыць? Пра тое, што людзі не задаволеныя. І пра тое, што людзі імкнуцца выказваць сваё меркаванне, свае думкі. І яны абсалютна правільна лічаць, што згодна Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь кожны чалавек мае права на свабоду слова, на свабоду мірнага сходу, на права выказвання і г.д. Цяперашняя ўлада імкнецца проста прымусіць людзей замаўчаць. Фактычна краіна ператварылася ў нейкі канцлагер.

Цалкам размова:

З праваабаронцай Аленай Маслюковай размаўляла наш карэспандэнт Аліна Андрыевіч.