Алена Маслюкова: Яго не маглі спыніць ніякія пагрозы



Вядомы ў свеце кіраўнік праваабарончага цэнтра „Вясна”, палітвязень Алесь Бяляцкі стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру. На ўручэнне прэміі 10-га снежня паедзе яго жонка Наталля Пінчук з сябрамі „Вясны”.

Пра тое, як Алесь Бяляцкі прыйшоў да высокай узнагароды, мы паразмаўлялі з „Госцяй Рацыі”, яго зямлячкай і паплечніцай Аленай Маслюковай:

– З Алесем я знаёмая яшчэ са студэнцкіх часоў. Мы разам навучаліся з ім адным універсітэце. Пэўны час у дзяцінстве мы нават жылі ў адным горадзе, праўда вучыліся ў розных школах, таму зразумела тады адзін аднаго і не ведалі. Калі я з ім пазнаёмілася ва ўніверсітэце, то першае ўражанне ад яго было такім, што гэта звычайны і пры гэтым абсалютна незвычайны хлопец. Што незвычайнае ў ім было для нас расейскамоўных, бо тады панавала расейская мова і пра беларускую нават размовы не вялося, каб яе ўжывалі ў паўсядзённым жыцці. Ён як раз такі быў беларускамоўны. Ён тады нас першакурснікаў заахвочваў да таго, што ўсё ж такі трэба карыстацца роднай мовай, адраджаць нацыянальную культуру, нацыянальныя традыцыі. Ведаеце, ужо ў тыя часы, калі ён быў зусім юным чалавекам, у яго адчувалася вельмі моцная харызма, стрыжань. Вось гэта прываблівала людзей, вакол яго заўсёды былі сябры і проста знаёмыя. Ён заўсёды быў гатовы дапамагаць па любым пытанні, якое б не ўзнікала. Можна было звярнуцца да Алеся і ён аказваў дапамогу. Я думаю, што пэўна яго вось гэты выбар па жыцці – стаць праваабаронцам, пайшоў яшчэ з тых часоў.

РР: Адкуль у яго гэта цяга да беларускасці? Тады беларуская мова была непапулярная.

– Палітыка ўладаў была такая, што мову прыгняталі, забівалі, прыніжалі. Самае сумнае ў гэтай сітуацыі павінна быць напэўна тое, што самі беларусы дазвалялі так абыходзіцца са сваёй мовай. У Алеся, нягледзячы на тое, што ён нарадзіўся ў Расеі, ён жа беларус. Пэўна вось гэтыя беларускія гены сядзяць у ім вельмі глыбока. Хутчэй за ўсё менавіта яны кіруюць і кіравалі ўсімі яго ўчынкамі і дзеяннямі. Чалавек годна ставіўся да сваёй нацыі, любіў народ, любіў беларускую культуру, мову і хацеў, каб гэта гэтак жа да яе ставіліся іншыя людзі. Ён ніколі не навязваў свайго меркавання. Мне здаецца, што яму было ўсё роўна на якой мове з ім размаўлялі. Калі ён размаўляў па-беларуску, то неяк няёмка было побач з ім знаходзіцца і не гаварыць на сваёй мове. Я ўжо аднойчы казала, што менавіта гэта падштурхнула мяне здаваць залік па беларускай літаратуры на беларускай мове. Я адзіная ў групе гісторыкаў, якая здавала гэты залік па-беларуску. Я думаю, што ён такім сваім асабістым прыкладам па жыцці дапамагаў людзям вырашаць на якой мове ім размаўляць. Неяк так, хаця ў мяне на гэта паўплываў вельмі моцна і мой бацька, калі я яшчэ ў школе навучалася. Ён таксама мне казаў: „Алена, табе мусіць быць сорамна”. Калі я атрымала чатыры па беларускай мове і пры гэтым у мяне стаяла выдатная адзнака па расейскай і выдатная адзнака па іспанскай мове. Ён сказаў: „Мусіць быць сорамна, што ты замежныя мовы ведаеш лепей за сваю”. Так што мне па жыцці пашчасціла, што і бацька ў мяне быў такі нацыянальна-арыентаваны і сябра Алесь такі ж самы.

РР: У 1980-х ён рызыкаваў усім змагаючыся за Беларусь. Ці ведалі вы пра гэта тады?

– Тое пра што вы сказалі, гэта яго чалавечая сутнасць. Безумоўна ніякія пагрозы не маглі яго спыніць, калі ён бачыў мэту і ведаў, як яе дасягнуць, а таксама што асабіста ён павінен быў рабіць, каб адрадзіць беларускасць. Мы ведаем, што ён таксама стаяў у вытокаў Беларускага Народнага Фронту. Вельмі дэмакратычная, новая арганізацыя, а пасля партыя, якая паўстала ў Беларусі ў постсавецкі перыяд. Мы ведаем, што ён выходзіў на тыя самыя, як мы ўмоўна кажам барыкады. Мы памятаем, як ён выступаў на мітынгах разам з Вінцуком Вячоркам, з іншымі кіраўнікамі фронту і казаў пра тое, што Беларусь мусіць быць незалежнай. Мне неяк так падаецца, што ён працягваў барацьбу Каліноўцаў і Кастуся Каліноўскага. Неяк у ім гэта арганічна спалучалася, барацьба і пры гэтым узважанасць, разважлівасць. Мы ж памятаем, як паўстаў праваабарончы цэнтр „Вясна”. Зноў такі, з імкнення Алеся дапамагчы людзям, калі ў 1996 годзе былі жорсткія рэпрэсіі. Людзей арыштоўвалі, закідвалі на Акрэсціна. Ён тады заахвоціў маладых фронтаўцаў: „Давайце будзем збіраць усё, што можна – макароны, цукар, прадукты, каб перадаць сем’ям зняволеных, каб перадаць самім зняволеным. Вось з гэтага паўстала ўсё. Ён жа тады быў зусім маладым чалавекам, але ў ім проста незабіваемая моц. Ён заўсёды разумеў, што асоба прадстаўляе сабой вялікую каштоўнасць і гэтай асобе трэба дапамагаць, калі яе правы парушаюцца. Такім чынам паміж яго навуковай, літаратурнай дзейнасцю, паўстала гэта палітычная барацьба і пераход у праваабарону. Прынамсі мяне не кропелькі не здзіўляе менавіта тое, што ён пайшоў у праваабарону.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

З „Госцяй Рацыі” Аленай Маслюковай размаўляла наша карэспандэнт Аліна Андрыевіч.

Беларускае Радыё Рацыя