Алена Маслюкова: За гэтым заводам – чыесьці фінансавыя інтарэсы



Светлагорскі завод беленай цэлюлозы, нягледзячы на пратэсты мясцовых жыхароў, можа запрацаваць гэтай восенню.

Прэс-служба канцэрна “Беллеспаперапрам” паведамляе, што пасля завяршэння этапа пусканаладачных работ, які “на дадзены момант не перавышае 10 месяцаў”, завод будзе ўведзены ў эксплуатацыю. Прыблізная дата запуска вытворчасці — жнівень-верасень 2019 года.

Паводле экалагічнай актывісткі і праваабаронцы Алены Маслюковай, адкрыццё завода беленай цэлюлозы ў Светлагорску лабіруецца на самым высокім узроўні.

– Я чалавек, які дыхае паветрам, якое атручвае штодня гэты завод. Амаль паўтара года вядуцца пуска-наладачныя работы. Па заканадаўству такога ў прынцыпе быць не можа. Таму тут паўстаюць пытанні, я так разумею, чыіхсьці інтарэсаў. А вось чые гэта інтарэсы, менавіта фінансавыя інтарэсы? Ці канкрэтнай асобы, ці гэта ўжо дзяржава настолькі дайшла да жабрацтва, што патрэбна патруціць людзей, каб запусціць гэты завод, і нічога пры гэтым не рабіць? Гэтыя пытанні дагэтуль застаюцца адкрытымі.

Супрацьстаянне жыхароў Светлагорскага раёна з уладамі адносна будаўніцтва завода беленай цэлюлозы цягнецца з 2012 года. Тады ініцыятыўная група сабрала каля 10 тысяч подпісаў супраць з’яўлення шкоднай вытворчасці. У 2017 годзе, калі завод пачаў тэставаць абсталяванне, жыхары вёскі Якімава Слабада сталі скардзіцца на смурод, які даносіўся з заводу. У студзені 2019 года экалагічныя актывісты зафіксавалі магчымыя выкіды праз сцёкавыя воды ў раку Бярэзіну.

Беларускае Радыё Рацыя