Алена Талстая: Гісторыя маёй сям’і звязана з Беластокам
Праблемнай савецкай спадчынай на Падляшшы застаюцца помнікі і брацкія магілы жаўнераў Чырвонае арміі. Адныя бачаць у іх выключна ідэалогію, іншыя – памяць пра загінулых не па сваёй волі.
Сённяшняя госця Рацыі – сустаршыня Руху салідарнасці „Разам” Алена Талстая распавядзе сямейную гісторыю на гэты конт у гутарцы са Стасем Дадэркам.
РР: Я ведаю, што вашая сямейная гісторыя звязаная з Беластокам, менавіта з падзеямі падачатку вайны паміж Нямеччынай і СССР.
Алена Талстая: Так, гэта вельмі цікавая гісторыя. І тут звязана і асабістае, і грамадскае. Таму што адным са спосабаў дзеяння Руху салідарнасці “Разам” ёсць нашыя замежныя акцыі. Мы зарэгістраваныя і ва Украіне, і ў Польшчы, і ў Літве. І акцыі нашыя праходзяць у гэтых краінах. І мэта нашая паяднаць брацкія народы Украіны, Літвы, Польшчы, бо ў нас агульная гісторыя, і каб кантакты гэтыя былі менавіта на гарызантальным узроўні. Каб беларуская дыяспара ў суседніх краінах не была цалкам падкантрольная спецыяльным структурам, каб людзі маглі кантактаваць паміж сабой. Мы праводзілі з’езд Руху салідарнасць “Разам” ва Украіне. Мы зараз плануем правесці пяты з’езд Руху салідарнасці “Разам” у Беластоку. Нарэшце я апынулася ў гэтым горадзе, у якім загінуў і пахаваны мой дзед у 1941 годзе. І бабуля, і мая маці ўвесь час хацелі знайсці яго. І тут таксама наша агульная гісторыя – і гісторыя беларусаў, і гісторыя палякаў – вельмі моцна пераплеценая. Бо савецкія войскі, якія тут стаялі, зразумела, што яны не былі пажаданымі гасцямі на гэтай зямлі. Іх успрымалі як захопнікаў. Але малодшы афіцэрскі склад, які быў размеркаваны па хатах, яны жылі ў сем’ях, як казала бабуля, яны жылі ў польскай сям’і. Бабуля казала, што да іх вельмі насцярожліва ставіліся, канешне, ніякай узаемнай любові не было. Бо ўспрымалі іх не як беларускія, а як расейскія войскі. Як акупантаў. Таму ставіліся кепска. Але, як казала бабуля, асабістыя кантакты былі нармалёвыя. І што яе вельмі ўразіла. Нягледзячы на тое, што да іх кепска ставілася мясцовае насельніцтва, аднак, калі пачаліся налёты авіяцыі, войскі пайшлі наперад, мой дзед быў забіты, бабулі паведамілі, што вашага мужа забілі, і той чалавек, у сям’і якога яны жылі, ён адразу сабраў падводу, сабраў яе рэчы і сказаў, Жэня, ты з’язджай адсюль, бо цябе тут заб’юць. Немцы першага каго заб’юць, гэта цябе. На той момант яна была цяжарная. Ён узяў яе і яшчэ бабуліну сяброўку, таксама жонку ваеннага, пасадзіў іх на падводу і вывез з Беластоку, пасадзіў на цягнік. І вось гэтыя ўражанні бабулі, што ён сабраў іх рэчы, даў ім сабой яшчэ нейкія рэчы, а іншая мая бабуля расказвала, як савецкія ваенныя рабавалі іх. І гэты кантраст вельмі моцны. Дзякуючы той польскай сям’і і я ёсць. У мяне была мара знайсці тых людзей, зразумела, іх нашчадкаў, і пакланіца ім. Але гэта немагчыма, бо не ведаю нават іх прозвішча. Таму перадаю такую пашану і павагу ўсім жыхарам Беластока.
Цалкам размова:
Рзмаўляў Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя.