Алена Талстая: Кангрэс – гэта вельмі сур’ёзная рэч
15 сакавіка пройдзе Усебеларускі кангрэс за незалежнасць. Але пакуль невядома дзе. Актыўны пошук месцаў працягваецца. Прадстаўніца аргкамітэта, сустаршыня Руху салідарнасці «Разам» Алена Талстая распавядае Беларускаму Радыё Рацыя пра мэты і планы яго правядзення.
– Рух салідарнасці «Разам» быў ініцыятарам яшчэ год таму склікання Кангрэса дэмакратычных сілаў за незалежнасць Беларусі. Каб ён быў як мага больш шырокі, мы звярталіся з адпаведным зваротам да Рады Беларускай народнай Рэспублікі, да Івонкі Сурвіллы, каб менавіта вось на гэтай базе склікаць падпісантаў Віленскага мемарандуму. Ёсць такі пункт, што ў абставінах, калі ёсць пагроза незалежнасці Беларусі, Рада БНР бярэ на сябе абавязкі праводзіць кансультацыі з падпісантамі Віленскага мемарандуму. Рух салідарнасці «Разам» ёсць таксама падпісантам, і мы хацелі, каб гэта адбылося як мага больш шырока.
РР: А мемарандум гэта той, які прыняты ў 2012 годзе?
– Так. У 2012 годзе амаль усе дэмакратычныя партыі і рухі яго падпісалі. Таму хацелася б, каб менавіта на такой вось нейтральнай базе, якая выклікае абсалютную павагу ва ўсіх падпісантаў, і быў праведзены гэты кангрэс. На жаль, зараз мы бачым, што кангрэс праводзіцца паралельна яшчэ з Кангрэсам дэмакратычных сілаў, але ён, хутчэй за ўсё, вузкапартыйны. І мэта яго толькі вылучэнне адзінага кандыдата. Кангрэс за незалежнасць, куды я ўваходжу як сустаршыня, мае мэту аб’яднання ўсіх дэмакратычных сілаў Беларусі і мэта яго – выніковыя дакументы, каб голас беларускай нацыі прагучаў. Бо калі мы будзем маўчаць, ніякай дапамогі ні звонку, ні ад беларускага народа нам чакаць не даводзіцца, бо скажуць, што ўсе былі згодныя, усе прымалі гэтыя ўмовы, фактычнага аншлюсу Беларусі ў склад Расейскай Федэрацыі. Што, канешне, адназначна, непрымальна для нас.
РР: А ці будзе хто з Рады БНР?
– Пакуль гэта рана казаць. Запрашэнні будуць, зразумела, як мага больш шырока дасылацца і замежным гасцям, і прадстаўнікам беларускай дыяспары. Хацелася б, каб усе ўдзельнічалі як мага больш шырока.
РР: Пройдзе ён у Менску ці вы разглядаеце варынты правядзення дзе-небудзь у памежжы?
– Разглядаўся толькі адзін варыянт – правядзенне яго ў Беларусі, каб маглі шырока ўдзельнічаць усе жадаючыя. Вылучаныя квоты, для таго, каб дэлегаты ад партый і рухаў прыстунічалі таксама, ад беларускай інтэлігенцыі, ад навукоўцаў, ад усіх арганізацый, якія могуць вылучыць гэтых дэлегатаў. І таксама хацелася б, каб розгалас быў як мага больш шырокі, бо кангрэс фактычна будзе праходзіць у адзін дзень з тым Усебеларускім так званым сходам, які склікае так званы кіраўнік нашай дзяржавы.
РР: Традыцыйна перад так званай выбарчай кампаніяй.
– Так, канешне, усе заўсёды іранічна да гэтага ставяцца. Гэта нельга назваць народным сходам.
РР: А была ідэя, здаецца, нават абмяняцца ўдзельнікамі, кагосьці запрасіць з боку ўладаў, а кагосьці з кангрэса накіраваць на народны сход?
– Кангрэс – гэта вельмі сур’ёзная рэч. Хацелася б, каб асноўная мэта была дасягнутая, каб кожны беларус асэнсаваў пагрозу для нашай краіны. І, канешне, гэты зварот павінен быць накіраваны да кожнага беларуса, ці будзь ён селянін, ці навуковец, ці ён прадстаўнік нават нейкіх адміністрацыйных рэсурсаў. Але гэта павінна прагучаць, пагроза.
І гэтыя людзі ўсё ж такі павінны неяк прачнуцца, асэнсаваць тое, дзе яны знаходзяцца, што яны могуць страціць і гэтыя свае месцы, дзе яны нейкі там заробак атрымліваюць, але мы можам страціць усё. Ад так званага прэзідэнта да апошняга чалавека можам страціць разам з незалежнасцю і нашу эканамічную незалежнасць, і палітычную, і цалкам нашую нацыянальную годнасць, нашу гісторыю, нашу будучыню, нашых дзяцей. Таму незалежна ад таго, ці гэта людзі ўваходзяць у адміністрацыйны рэсурс Лукашэнкі, ці гэта людзі, якія прыналежаць да беларускай апазіцыі, – усе павінны разам прамовіць адзіным голасам гэтае слова, што беларусы будуць адстойваць незалежнасць сваёй краіны.
Нагадаем, сустаршынямі аргкамітэта Усебеларускага кангрэса за незалежнасць акрамя Алены Талстой, з’яўляюцца Алена Анісім, Павел Севярынец, Ігар Рынкевіч і Уладзімір Колас. Чакаецца ўдзел да 500 дэлегатаў.
Гутарыў Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя