Алена Талстая: Пытанне аўтакефаліі актуалізавалася
У Чарнігаве скончылася канферэнцыя беларускай інтэлігенцыі. Асноўнай тэмай стала Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква, якой цяперашнія ўлады не дазваляюць дзейнічаць у Беларусі, даючы манаполію Маскоўскаму патрыярхату.
Сустаршыня Руху салідарнасці „Разам” Алена Талстая ў эфіры нашага радыё заявіла, што сёння пытанне аўтакефаліі для беларускага праваслаўя актуальнае як ніколі:
– Мы хацелі, каб гэта была навукова-асветніцкая канферэнцыя. Падчас падрыхтоўкі мы сутыкаліся з тым, што шмат хто з беларусаў не ведае, што існуе Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква. Ідэя адраджэння сёння актуальная, як ніколі. Важна, каб людзі ведалі пра гісторыю беларускай аўтакефаліі, каб думкі пра яе будучыню гучалі шырока, каб інфармацыя пра гэта пайшла па ўсім свеце.
Падчас падрыхтоўкі канферэнцыі Алена Талстая з паплечнікамі аб’ехала 22 беларускія гарады. У выніку ў Чарнігаў з’ехаліся прадстаўнікі практычна ўсіх буйных беларускіх гарадоў.
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя