Алена Танкачова атрымала дазвол на часовае пражыванне ў Беларусі



Старшыня праўлення Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend Алена Танкачова 25 мая атрымала дазвол на часовае пражыванне ў Беларусі тэрмінам на адзін год. „З сённяшняга дня на працягу года я магу пастаянна знаходзіцца ў Беларусі”, — сказала яна БелаПАН.

Праваабаронца ўдакладніла, што згодна з умовамі часовага пражывання, калі яна знаходзіцца ў Беларусі, то не можа больш чым на 5 дзён адлучацца з месца рэгістрацыі. На выезды за мяжу гэтае правіла не распаўсюджваецца. Паводле слоў Танкачовай, атрыманне часовага дазволу на пражыванне з`яўляецца першым крокам на шляху атрымання беларускага грамадзянства.

Алена Танкачова, якая мае расейскае грамадзянства, 22 лютага вярнулася ў Беларусь пасля трохгадовай высылкі. Да гэтага яна больш за 20 гадоў пастаянна пражывала ў Менску. Фармальнай прычынай для высылкі сталі пяць учыненых на працягу года правапарушэнняў: гаворка ішла аб нязначным перавышэнні хуткасці (на 10—20 км/г), але праваахоўнікі матывавалі свае дзеянні інтарэсамі „грамадскага парадку”. На думку самой Танкачовай і яе калегаў, рэальнай прычынай высылкі стала праваабарончая дзейнасць, якой яна займаецца з 1996 года. Пасля высылкі з Беларусі Танкачова жыла ў Літве. Яна разлічвала, што беларускія ўлады перагледзяць сваё рашэнне і скароцяць тэрмін забароны на ўезд у краіну, і неаднаразова звярталася ў МУС Беларусі з адпаведнай просьбай, але кожны раз атрымлівала адмову.

belapan.by

Фота lawtrend.org