Алена Танкачова вярнулася ў Беларусь пасля 3 гадоў высылкі



Праваабаронца Алена Танкачова 22 лютага вярнулася ў Беларусь пасля трох гадоў высылкі.

Каля 14.30 яна перасекла літоўска-беларускую мяжу. „Толькі што я атрымала адзнаку ў пашпарт, што я свабодна ўязджаю ў Беларусь. Мы ўжо прайшлі ўсе неабходныя службы кантролю”, — паведаміла Танкачова БелаПАН па тэлефоне.

Кажучы пра свае найбліжэйшыя планы, яна адзначыла: „Я не спыняла займацца праваабарончай дзейнасцю падчас высылкі і не лічу, што ў мяне ёсць дастаткова прычын, каб спыняць займацца тым, што я ўмею добра рабіць”.

Паводле слоў Танкачовай, няма ніякіх індыкатараў, якія б дазволілі ёй сцвярджаць, што „сітуацыя з правамі чалавека ў краіне змянілася да лепшага ці што Беларусь хаця б сур’ёзна знаходзіцца на гэтым шляху”. „Ёсць задэклараваная рыторыка ў дачыненні да дыялогу аб правах чалавека. Тым не менш, паварочваючыся назад і гледзячы на мінулы год, мы бачым і падзеі 25 сакавіка, і пераследы журналістаў, і колькасць штрафаў журналістам незалежных СМІ. Некалькі дзён таму мы бачылі сітуацыю са збіваннем аператара на выбарчым участку. За гэты час не адмененае смяротнае пакаранне, не ўведзены інстытут упаўнаважанага па правах чалавека, рашэнні Камітэта ААН па правах чалавека працягваюць не выконвацца Беларуссю” — так ахарактарызавала яна цяперашняе становішча з правамі чалавека ў краіне.

Алена Танкачова, якая мае расейскае грамадзянства, была вымушаная пакінуць Беларусь у лютым 2015 года. Фармальнай прычынай для высылкі сталі пяць учыненых на працягу года правапарушэнняў. Гаворка ішла аб нязначным перавышэнні хуткасці (на 10—20 км/гадз), але праваахоўнікі матывавалі свае дзеянні інтарэсамі „грамадскага парадку”.

Танкачова больш за 20 гадоў пастаянна пражывала ў Беларусі і сур’ёзных праблем з законам не мела. Менавіта таму юрысты, якія аналізавалі яе справу, казалі пра тое, што ў гэтым выпадку высылка з’яўляецца празмерным умяшаннем у асабістае і сямейнае жыццё з улікам малазначнасці правапарушэння.

На думку самой праваабаронцы і яе калег, рэальнай прычынай высылкі стала яе прафесійная дзейнасць. З 1996 года Алена Танкачова займаецца абаронай правоў чалавека. Яна з’яўляецца старшынёй праўлення Цэнтра прававой трансфармацыі. Пасля высылкі з Беларусі пераехала ў Літву.

Увесь гэты час праваабаронца жыла ў Літве. Яна разлічвала, што ўлады перагледзяць сваё рашэнне і скароцяць тэрмін забароны на ўезд у краіну. Танкачова неаднаразова звярталася ў МУС Беларусі з адпаведнай просьбай, але кожны раз атрымлівала адмову.

Фота tut.by