Алена Янушкоўская: Мяне асудзілі за “Жыве Беларусь!”
Пасля 7-суткавага арышту на волю выйшла віцебская блогерка Алена Янушкоўская.
Яе затрымалі 26-га студзеня паводле абвінавачання ў несанкцыянаваным пікетаванні – за стрым з каляднай сяброўскай вечарынкі, дзе госці, знаходзячыся на прыватнай тэрыторыі, віншавалі адно аднаго з новым годам. Гучала і пажаданне “Жыве Беларусь”, прычым Алена Янушкоўская кажа, што менавіта гэты лозунг найбольш узбурыў міліцыю Віцебскага раёну:
– Мне сказалі, каб я проста здымала, і нічога не выказвала – “Жыве Беларусь!” у дадзеным выпадку, то мне б нічога не было. Атрымліваецца, яны супраць таго, каб жыла Беларусь? Калі сказала “Жыве Беларусь!”, то ўсё – у турму. А найлепш нас усіх у канцлагер адправіць.
На думку Алены Янушкоўскай, міліцыянты імкнуцца раскалоць дэмакратычную супольнасць, калі караюць за пікеты і мітынгі, а яе за здымкі абяцаюць не караць. Блогерка кажа, што гэта падступны план, але яна не дасць яму здзейсніцца – будзе выказваць свае меркаванні адкрыта, бо гэтае права гарантавана ёй Канстытуцыяй як грамадзянцы Рэспублікі Беларусь.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск