Алене Гнаўк выставілі абвінавачанне ў крымінальнай справе



Пенсіянерцы Алене Гнаўк выставілі абвінавачанне ў крымінальнай справе за карагод у Берасці. Віны жанчына не прызнае, хоць і ня ўтойвае, што ўдзельнічала ў гэтай масавай акцыі пратэсту.

У судзе яна будзе бараніць сябе сама, паведамляе «Брэсцкая газета».

63-гадовую жыхарку вёскі Ткачы Пружанскага раёну неаднаразова затрымлівалі ў Берасці за ўдзел у акцыях пратэсту і каралі за гэта штрафамі і арыштам, а 15 студзеня прадʼявілі абвінавачанне ў крымінальнай справе пводле часткі 1 артыкулу 342. Гаворка ідзе пра падзеі, якія адбываліся 13 верасня мінулага году ў Берасці, калі адбылася маштабная акцыя пратэсту, якая закончылася разгонам пратэстоўцаў вадамётам. Праз два дні завялі крымінальную справу аб масавых беспарадках.