Алене Танкачовай адмовілі ў скарачэнні тэрміну дэпартацыі



Міністэрства ўнутраных спраў адмовіла праваабаронцы Алене Танкачовай у скарачэнні тэрміну забароны на ўезд у Беларусь. Як паведаміла БелаПАН Танкачова, такі адказ за подпісам намесніка кіраўніка МУС Мікалая Мельчанкі яна атрымалі 15 лютага на ліст ад 12 студзеня. „Згодна з артыкулам 22 закона Рэспублікі Беларусь ад 04.01.2010 года „Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства” іншаземцы, якія знаходзяцца ў Рэспубліцы Беларусь, абавязаныя выконваць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь і іншыя акты заканадаўства нашай краіны, паважаць яе нацыянальныя традыцыі, — гаворыцца ў адказе. — Аднак, знаходзячыся ў Рэспубліцы Беларусь, вы неаднаразова прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці. Тлумачым, што нарматыўныя прававыя акты Рэспублікі Беларусь даюць Міністэрству ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь права, а не ставяць у абавязак скараціць тэрмін забароны ўезду ў Рэспубліку Беларусь замежнаму грамадзяніну. Гэтыя нормы маюць альтэрнатыўны характар. З улікам выкладзенага, у задавальненні хадайніцтва аб скарачэнні тэрміну забароны ўезду ў Беларусь вам адмоўлена”. У дакуменце Танкачову таксама папярэджваюць, што ў выпадку ўезду і знаходжання на тэрыторыі Беларусі да заканчэння тэрміну забароны на ўезд яна можа быць прыцягнутая да адказнасці на падставе артыкула 371-2 Крымінальнага кодэкса, які прадугледжвае пакаранне да трох гадоў пазбаўлення волі. Мельчанка адзначае, што ў выпадку нязгоды з рашэннем, прынятым па звароце, Танкачова мае права абскардзіць яго ў судзе. У лістападзе 2014 года УУС Першамайскага раёна Мінска прадпісала грамадзянцы Расеі Алене Танкачовай на працягу месяца пакінуць Беларусь і забараніла ёй наведваць краіну найбліжэйшыя тры гады. Падставай для гэтага сталі зафіксаваныя відэакамерамі факты нязначнага перавышэння хуткасці аўтамабілем, які належыць Танкачовай. Спробы праваабаронцы абскардзіць гэтае рашэнне ў судовым парадку не мелі поспеху, і 21 лютага яна вымушаная была пакінуць Беларусь, дзе пражыла прыблізна 30 гадоў. На працягу 20 гадоў Танкачова ўзначальвала Цэнтр прававой трансфармацыі, які аказвае юрыдычную і экспертную падтрымку некамерцыйным арганізацыям Беларусі, а таксама дапамагае ў сітуацыях з парушэннямі правоў чалавека. Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці расцанілі дзеянні ўладаў як непрапарцыйную і палітычна матываваную санкцыю, звязаную з прафесійнай дзейнасцю праваабаронцы. Некаторыя лічаць, што рашэнне аб высылцы Танкачовай па значнасці параўнальнае з арыштам аднаго з лідараў праваабарончага руху Беларусі Алеся Бяляцкага. Пад просьбай не высылаць Танкачову з краіны было сабрана сем тысяч подпісаў, але на рашэнне ўладаў гэта не паўплывала.

БелаПАН

Фота: lawtrend.org