Алене Янушкоўскай прысудзілі шосты штраф “за незалежнасць”
Усе шэсць – за ўдзел, або за заклікі прыходзіць на акцыі ў падтрымку незалежнасці Беларусі.
Акцыі праходзілі ў снежні мінулага году, у тым ліку і ў Віцебску, і пра кожную з іх віцебская блогерка і актывістка размяшчала аб’явы ў сацыяльных сетках. Пра тое, што рабіла, Алена Янушкоўская не шкадуе:
– Групы ў мяне ў Фэйсбуку, у “Вконтакте”, старонка ў “Аднакласніках”, і я паўсюль гэта размяшчала. Таксама рабіла рэпосты ва ўсіх групах, дзе я падпісана. Я лічу, што так павінны рабіць усе беларусы. Бо гэта наша Бацькаўшчына, і хто, апрача нас, будзе яе бараніць.
За заклікі прыходзіць на акцыю, якая адбылася 29 снежня ў Менску, суд Віцебскага раёну аштрафаваў Алену Янушкоўскую на 30 базавых велічынь (810 рублёў). Суддзя Міхаіл Зубеня не прыняў да ўвагі, што блогерка толькі выпісалася з лякарні пасля складанай аперацыі, і што яна беспрацоўная, бо не можа нікуды ўладкавацца праз кепскі стан здароўя. Зрэшты, прысуду Алена Янушкоўская чакаць не стала: яна выйшла з залы, бо папярэднія 5 штрафаў пераканалі яе ў судовай несправядлівасці. Следам выйшлі ўсе, хто прыходзіў яе падтрымаць, кажа Ірына Захарава:
– Гэта не народны суд, ён не бароніць правы людзей, а бароніць толькі Лукашэнку. Алена пайшла, і мы за ёй, бо лічым, што гэта нячэсны, несправядлівы суд. І паказалі гэтым сваё стаўленне да суду.
Агульная сума штрафаў Алены Янушкоўскай – 175 базавых велічынь, што складае 4 725 рублёў. У інтэрнэце абвешчаны дабрачынны збор сродкаў, каб дапамагчы ёй пагасіць штрафы, прысуджаныя за абарону незалежнасці.
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя