Алену Танкачову могуць пазбавіць права на жыхарства ў Беларусі



У дачыненні да вядомай праваабаронцы, старшыні праўлення асветніцкай установы „Цэнтр прававой трансфармацыі” (Lawtrend) Алены Танкачовай распачатая працэдура пазбаўлення яе права на жыхарства ў Беларусі.

Алена Танкачова з’яўляецца грамадзянкай Расейскай Фэдэрацыі, але каля 30 год пражывае ў Беларусі.

„23 верасня я атрымала апавяшчэнне аб пачатку працэдуры анулявання права на жыхарства”,- паведаміла праваабаронца.

„Цэнтр прававой трансфармацыі” (Lawtrend) – некамэрцыйная структура, мэтай якой з’яўляецца павышэнне прававой культуры, а таксама арганізацыя асветніцкай, аналітычнай і даследчай дзейнасці ў галіне права.

Алена Танкачова ўжо больш за 15 гадоў займаецца праваабарончай дзейнасцю.

Яна паведаміла, што пакуль працэдура пазбаўлення яе права на жыхарства ў Беларусі знаходзіцца ў пачатковай стадыі.