Алену Янушкоўскую аштрафавалі за “пікет на гаўбцы”, але на волю не выпусцілі
Віцебскую актывістку і блогерку асудзілі ў судзе Віцебскага раёна.
Суддзя Міхаіл Зубеня прызнаў яе вінаватай за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце, якое актывістка нібыта зладзіла на гаўбцы жылога дома на праспекце Будаўнікоў. Міліцыянты заўважылі актывістку ажно на 8-м паверсе, калі яна, трымаючы ў руках бел-чырвона-белы сцяг, вітала ўдзельнікаў акцыі салідарнасці, якія калонай праходзілі ўнізе. У той момант актывістка гасцявала ў сваёй добрай знаёмай Таццяны Севярынец, і суддзя падкрэсліў, што дазволу на правядзенне акцыі не мелі ні гаспадары кватэры, ні іх госця. Алену Янушкоўскую пакаралі штрафам памерам 945 рублёў.
Прысутная на судзе Таццяна Стрыжнёва ўражаная такім рашэннем:
– Усё як заўжды – абсурдна! Нават каля яна трымала сцяг на сваім гаўбцы, ці нават не на сваім, то яна мела на гэта поўнае права. І прысуд – гэта проста маразм! Прычым гэты маразм ужо не проста мацнее – ён проста выходзіць за ўсе межы!
Тыя, хто прыйшоў падтрымаць Алену Янушкоўскую ў судзе, паехалі сустракаць яе з ізалятара часовага ўтрымання, дзе яна знаходзіцца з вечара 31-га жніўня.
Сустрэць блогерку прыехала і яе дачка, Юлія Уласенка, бо маці забралі з хаты без цёплага адзення і без грошай. Але чаканне аказалася марным, распавяла Юлія Уласенка:
– Маму судзілі па артыкуле 23.34 КаАП, прысудзілі 35 базавых велічыняў штрафу. Я прыехала сустракаць яе з дзіцём. Падышла ў ІЧУ спытаць, чаму яе так доўга не выпускаюць. Як патлумачыў начальнік ІЧУ, яе заўтра зноўку будуць судзіць. За што, і які будзе суд, мы нічога не ведаем.
Паводле дачкі, падчас затрымання Алены Янушкоўскай міліцыянты згадвалі толькі адно правапарушэнне – выхад са сцягам на гаўбец. Новы суд можа быць звязаны з блогерскай дзейнасцю затрыманай: на сваім відэаканале “Настоящая Беларусь” яна асвятляла практычна ўсе апошнія мірныя акцыі, якія праходзілі ў Віцебску.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск