Алесь Аркуш: Сусветная гісторыя не ведае аналагаў такой трагедыі



Сёння, 29 кастрычніка, – ноч расстраляных паэтаў, але нерасстралянай паэзіі. Роўна 84 гады таму былі закатаваныя больш за сотню прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, дзеячаў навукі, культуры і мастацтва. Гэта “Чорная ноч” для беларускай гісторыі і культуры. Запрашаем на размову Яны Запольскай з сённяшнім Госцем Рацыі – пісьменнікам, выдаўцом Алесем Аркушам.

Фота l.stepaniuk

РР: Нагадаю, што ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году ў Менску супрацоўнікі НКВД расстралялі каля сотні прадстаўнікоў беларускай эліты – грамадскіх, палітычных, культурных дзеячоў. Гэта трагічная, крывавая старонка ў гісторыі беларускай культуры, напэўна, так гэта можна назваць. Маё першае пытанне я хачу навязаць да вашага раману «Захоп Беларусі марсіянамі». У рамане падзеі адбываюцца ў сярэдзіне 20-х гадоў ХХ стагоддзя. І адзін з герояў рамана – расстраляны ў тую жахлівую ноч паэт Алесь Дудар, які ў 1925 годзе трапіў у Полацак, і што стала пачаткам, як вы пішыце ў адным са сваіх артыкулаў, новай беларускай літаратутры ў Полацку і на Полаччыне.

Алесь Аркуш: Апошнім часам, дзякуючы Ганне Севярынец і іншым людзям, у многіх беларускіх гарадах з’явілася традыцыя адзначаць памятнымі мерапрыемствамі гэтую трагічную дату. Бо ў сусветнай гісторыі аналагаў такой трагедыі няма, каб у адзін дзень забілі столькі дзеячаў культуры, каб так знішчалася нацыянальная культура. Мы ведаем, што ў апошнім «расстрэльным» спісе, які падалі Сталіну на подпіс, было 12 пісьменнікаў – Якуб Колас, Янка Купала, Пятрусь Броўка, Аркадзь Куляшоў і іншыя. І гэта ўжо былі апошнія. І Сталін вырашыў пашкадаваць іх і не падпісаў.

Алесь Дудар – значная асоба для Полацка. У 1925 годзе ў 20-гадовым узросце ён прыехаў у Полацак, але не па сваім жаданні, ён быў дасланы ў Полацак з пэўнай місіяй. Гэтая місія была ад літаратурнага аб’яднання «Маладняк», якое паўстала ў Савецкай Беларусі. Гэтае аб’яднанне распрацавала адмысловы план – ва ўсіх значных беларускіх гарадах павінны паўстаць філіі «Маладняка», якія мусілі разгарнуць нацыянальную літаратурна-культурную дзейнасць: праводзіць вечарыны, сустрэчы з пісьменнікамі, прэзентацыі кніг, ну і рыхтаваць мясцовыя літаратурныя кадры. І Алесь Дудар у 1925 годзе стварае гэтую філію. Мы ведаем з лістоў, якія ён дасылаў у кіраўніцтва «Маладняка», што гэта было вельмі складана, што ніякіх пісьменнікаў, якія б пісалі па-беларуску, ён там не знайшоў. І яму кіраўніцтва сказала, калі няма мясцовых літараурных кадраў, тады трэба пашукаць маладых людзей, якім гэта проста цікава, якія цікавяцца беларускай літаратурай. У Полацку тады былі дзве навучальныя ўстановы – педтэхнікум і лясны тэхнікум. І сярод гэтых студэнтаў Алесь Дудар знайшоў людзей, якія цікавіліся беларускай літаратурай, і стварый Полацкую філію «Маладняка». І ўжо на наступны год гэтая філія разгарнула дзейнасць і выдала свой першы нумар літаратурнага альманаху. У Полацку да гэтага выходзіла газета па-руску «Полоцкий пахарь», яна неўзабавае стала беларускамоўнай і атрымала назву «Чырвоная Полаччына», у якой сталі з’яўляцца літаратурныя старонкі. І пачалі нараджацца мясцовыя літаратурныя кадры. Маладыя людзі з навакольных мястэчак і вёсак ехалі ў Полацак, вучыліся тут і спрабавалі пісаць. І некаторыя сталі знакамітымі пісьменнікамі, як Пятрусь Броўка, напрыклад, які прыехаў у Полацак з Ушаччыны і працаваў у газеце «Чырвоная Полаччына».

РР: Калі вярнуцца да саміх «маладнякоўцаў», то лёс большасці, ці амаль усіх, быў трагічны, можна так сказаць.

Алесь Аркуш: Пісьменнікаў, звязаных лёсам з Полацкам, я ўмоўна падзяляю на дзве катэгорыі: тыя паэты, якіх «Маладняк» накіроўваў у Полацак для працы ў «Чырвонай Полаччыне», і мясцовых. Тыя, якія прыехалі, яны вахтава працавалі, хто па некалькі гадоў, некаторыя толькі па некалькі месяцаў. Усе гэтыя «маладнякоўцы», без выключэння, былі рэпрэсаваныя. Трох з іх расстралялі, гэта – Алесь Дудар, Валеры Маракоў і Паўлюк Шукайла, усе астатнія былі высланы ў Гулаг.

РР: Але лёсы некаторых пісьменнікаў пагубіліся, засталіся невядомымі.

Алесь Аркуш: Дзякуючы таму, што выходзілі альманахі, выйшла тры нумары, і таму, што былі літаратурныя старонкі ў «Чырвонай Полаччыне», то мы ведаем колькі было там аўтараў. І некаторыя з іх засталіся аўтарамі толькі гэтых публікацыяў. Яны далей не пайшлі ў літаратуру. Можа яны спынілі пісаць, можа яны трапілі пад сталінскія рэпрэсіі. Мы пакуль што гэта не ведаем, трэба даследаваць.

РР: Вяртаючыся да Алеся Дудара, скажу, што ён акурат быў сярод гэтай сотні беларускай інтэлігенцыі, якую закатавалі ў Менску з 29 на 30 кастрычніка. І таксама Валеры Маракоў, пра якога вы згадвалі, дзесьці там, у Курапатах, яны знайшлі свой спачын. І тут мне прыгадваецца, што калі мы кажам пра расстраляных паэтаў, пры гэтым мы адразу кажам пра нерасстраляную паэзію. Скажыце, калі вы думаеце пра гэтыя падзеі, узгадваеце іх, што вам бліжэй з гэтых вершаваных радкоў?

Алесь Аркуш: Дзякуючы архівам ГПУ і справе Алеся Дудара, якую даследчыкі здолелі пабачыць у 90-х гадах, да нас дайшлі гэтыя яго вершы, моцна апазіцыйныя, напрыклад, «Пасеклі Край наш папалам…», проста неверагодна вальнадумны для таго часу. І тыя вершы, якія захаваліся ў той тэчцы, яны самыя знакамітыя, яны як бы ўзор тагачаснага вальнадумства. Але я думаю, калі адкрыюць архівы КДБ і калі мы пазнаёмімся з гэтымі справамі, то, можа быць, усплывуць нейкія іншыя вершы. Бо гэтыя вершы былі галоўным абвінавачванне, яны павінны ляжаць у справах. І калі іншыя „крамольныя” вершы мы пабачым, тады гэтая карціна набудзе цэласнасць. Хто з гэтых паэтаў сапраўды быў вальнадумцам, а хто трапіў у рукі энкавэдыстаў выпадкова, па даносе, або за кампанію. Бо некаторыя паэты сапраўды змагаліся за сваю Беларусь. Як Алесь Дудар. Дастаткова прыгадаць ягоныя артыкулы пра неабходнасць беларусізаваць універсітэт, або пра справу айчынных тэатраў, у якіх не ідуць спектаклі беларускіх аўтараў, а ставяць трэццеразрадныя п’есы з Масквы. І Дудара і яго сяброў пасля такіх артыкулаў як толькі не называлі – і нацыяналістамі, і контррэвалюцыянерамі, і фашыстамі. Яны сапраўды змагаліся за сваю беларускую Беларусь, але такім вось мірным, інтэлектуальным спосабам. Тагачасныя падзеі вельмі падобныя на сённяшнія. Калі напачатку я гэтым заняўся, яшчэ ў 90-ыя гады, калі я пісаў першы артыкул пра полацкую беларускую літаратуру, для мяне гэта была далёкая-далёкая гісторыя. А сёння разумееш, што гэта было амаль учора. Гэта вельмі падобна на сённяшнія падзеі. І разумееш прычыны, высновы, разумееш, чаму гэта так адбывалася.

РР: Сёння ў шэрагу краін свету, у тым ліку ў Польшчы – у Варшаве і Беластоку, пройдзе ноч расстраляных паэтаў. Мерапрыемства, якое ад некалькіх гадоў праводзілася ў Менску ва ўрочашчы Курапаты. З улікам сітуацыі ў Беларусі, правесці такое памятнае мерапрыемства немагчыма, паколькі людзей могуць проста арыштаваць. Ёсць такі новы фармат, што сустракацца людзі там, дзе могуць, у іншых кропках свету, у тым ліку далучаецца Беласток. Вы таксама збіраецеся далучыцца да гэтай ночы?

Алесь Аркуш: У Полацку была таксама свая традыцыя – праводзілася вечарына памяці ў Музеі беларускага кнігадрукавання. Мясцовыя паэты і дзеячы культуры чыталі вершы расстраляных паэтаў. І, канечне, там гучалі вершы і Алеся Дудара, і Валерыя Маракова, і Паўлюка Шукайлы, і іншых «маладнякоўцаў». І. канечне, я буду ў Беластоку сёння ўдзельнічаць у гэтай імпрэзе, буду чытаць вершы.

Цалкам размова:

Размаўляла Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя