Алесь Астроўскі: Інтэграцыя ў стасунках Беларусі і Расеі патрабуе вызначэння



Для беларускага народу надыдуць вельмі цяжкія часы, калі мы не будзем супраціўляцца, – мяркуе прафесар Алесь Астроўскі пра схаваныя, але вядомыя планы Расеі адносна Беларускай дзяржаўнасці. Навуковец перакананы, што планы гібрыднага аншлюсу Беларусі на парозе ажыццяўлення. Яны ў Расеі маюць нават больш амбітны напрамак. І гэта, на яго думку, – рэальна.

Алесь Астроўскі: Самі тэрміны, якімі мы карыстаемся, даюць альбо слушнае разуменне сітуацыі, альбо ставяць нас на памылковы шлях. І мы прыходзім да памылковых меркаванняў. Тэрмін „інтэграцыя” ўзяты зусім з іншай з’явы. З тэорыі сістэмаў, дзе інтэграцыя можа адбывацца толькі на грунце дыферэнцыяцыі. Гэта значыць, калі ўзнікае шмат абʼектаў, і гэтыя абʼекты спецыялізуюцца ў выкананні розных функцыяў. І ў кожнага абʼекта гэтая свая спецыяльная функцыя атрымліваецца значна лепш, як у іншых, тады вельмі карысна – абʼяднаць гэтыя элементы ў адзіную сістэму.

На самой справе тое, што цяпер накінутае нам, як інтэграцыя, ніякай інтэграцыяй не зʼяўляецца. Гэта нішто іншае як анексія! Альбо аншлюс. Толькі ў адрозненне ад знакамітых аншлюсаў сярэдзіны дваццатага стагоддзя, якія ажыццяўляла нацысцкая Нямеччына, ён, у нашае дваццаць першае стагоддзе, праводзіцца ў гібрыднай форме. Людзі часта блытаюцца – не разумеюць. Гэта значыць, калі вы чуеце слова „інтэграцыя”, то трэба яго перакладаць, як  „гібрыдны аншлюс”.

Чаму ён гібрыдны? Таму, што ў адрозненне ад канчатковай мэты, калі павінен быць фізічны захоп, агрэсія, напад, захоп нашай тэрыторыі Расейскай імперыяй, мы назіраем доўгую і працяглую падрыхтоўку. Звязаную з прамываннем мазгоў грамадзянам Беларусі, і грамадзяне Беларусі ўсе ведаюць, што нашая інфармацыйная прастора цалкам захоплена інфармацыйнай прасторай Расейскай імперыі. Вось гэты элемент адрознівае ад класічнага аншлюсу, наш гібрыдны аншлюс, які завецца „інтэграцыяй”.

А другі кампанент – самы галоўны, з чаго ўсё пачалося, шматлікія ўжо забыліся. Дваццаць пяць гадоў таму, у 1994 годзе агент расейскага імперыялізму быў пасаджаны на важнейшую дзяржаўную пасаду ў Беларусі, і выконвае ўсе захцянкі такога монстра як расейская імперыякратыя – галоўны ўласнік Расейскай імперыі. І атрымальнік выгадаў, ад такога недарэчнага ўтварэння як Расейская імперыя.

Такім чынам, вось гэтыя два галоўныя кампаненты: спачатку быў накінуты Беларусі на важнейшую дзяржаўную пасаду агент расейскага імперыялізму, другі – дваццаць пяць гадоў „прамывання мазгоў” грамадзянам Беларусі, прапагандай ды іншымі формамі ўздзеяння на псіхіку. Захоп уласнасці Беларусі, стварэнне сітуацыі эканамічнай залежнасці ад рэсурсаў Расейскай імперыі. Вось гэта ўсё адрознівае класічны аншлюс ад гібрыднага, які цяпер у нас адбываецца і які хлусліва завецца „інтэграцыяй”.

Р.Р. Ці вы асабіста адчуваеце, што наспеў час, калі яны гатовыя да канчатковага кроку? Ці гэта пакуль медыйны ўсплёск?

Алесь Астроўскі: Гэта ніякі не медыйны ўсплёск. Усё адкрыта, для ўсіх, хто думае, хто сочыць за падзеямі! Пачалося, адкрыта ўжо, у 2007 годзе ад вядомай мюнхенскай прамовы Пуціна, калі ён пачынаў выходзіць з той сітуацыі, што ён падыгрываў, гуляўся ў агульныя гульні з Бушамі, Абамамі, рознымі Меркелямі, Сарказі і Берлусконі разам. Сэнс гэтай прамовы палягаў у тым, што быццам, „мы адлучаемся ад агульнага заходняга свету, мы вяртаемся да ранейшай імперскай палітыкі. Наша задача вярнуцца да межаў расейскай імперыі. Ці межаў пры Сталіну, уключаючы краіны былога СССР і краінаў Варшаўскае дамовы”. У іх такія планы. І яны гэтыя планы, на самой справе рэалізуюць.

Рэсурсы для гэтага ёсць. Захад з задавальненнем купляе прыродныя рэсурсы Расейскай імперыі: нафту, газ, і ўсё іншае, што там ёсць. І гэтым фінансуе такую палітыку. Прычым, ён гэтую палітыку ніяк не стрымлівае. Тое, што, як гаворыцца, – „злёгку пажурылі” пасля чарговага генеацыду чачэнскага народа, ці пасля агрэсіі супраць Грузіі з захопам часткі тэрыторыі, ці то пасля агрэсіі супраць Украіны з захопам часткі гэтай тэрыторыі. Вы бачыце: праходзіць колькі год, і гэта ўсё забываецца. Зноў нейкія стромыя бізнесоўцы патрабуюць, каб былі наладжаны стасункі з Расеяй, добрыя, спакойныя. Ім гэта выгадна, яны пачынаюць ціснуць на прадстаўнікоў урада. на прэзідэнтаў, каб тыя вярнулі добрыя стасункі. І зноў тыя добрыя стасункі вяртаюцца. І зноў „кепскі Пуцін”, становіцца нармальным „хлопцам”, якому можна паціскаць рукі, якога можна абдымаць, прымаць на агульных самітах, уключаючы ў дваццаткі, сямёркі і гэтак далей. Гэта азначае толькі тое, што хутка Расея здзейсніць акт чарговай агрэсіі: этап за этапам.

Такім чынам, у расейскай імперыякратыі, якую зараз рэпрэзентуе Пуцін сваёй асобай, ёсць далёкасяжныя планы. Гэтыя планы звязаныя з захопам усёй цэнтральнай Еўропы, уключна – Беларусь. А з другога боку, на Захадзе ёсць магутныя сілы, якія гэтай палітыцы Пуціна спрыяюць. Людзі не разумеюць, што ідзе вось такая гульня. Але яна даўно пралічваецца, яна тым, хто аналізуе сітуацыю, відавочная. У рэшце рэшт, гэта азначае толькі адно, што нас чакаюць, у тым ліку і беларусаў, вельмі жорсткія і цяжкія часы. Калі мы не будзем супраціўляцца, не будзем арганізоўвацца, калі мы не будзем вылучаць сваіх лідараў і сваёй альтэрнатывы нашай прышласці.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя