Алесь Астроўскі: Нагнятаецца неўратычная атмасфера



Ковідная тэма застаецца ў Беларусі адной з актуальных, хоць людзі і прызвычаіліся жыць у новых умовах, ужываючы прафілактычныя захады ад распаўсюду каронавіруснай інфекцыі. Але значная частка людзей спрабуе адмовіцца ад самаізаляцыі і мераў перасцярогі.

„Госць Рацыі” прафесар Алесь Астроўскі гутарыць з нашым карэспандэнтам пра тое, што зроблена, а што не, каб людзі навучыліся адпаведна сябе паводзіць у перыяд „COVID-19”:

– На жаль уся гэтая сітуацыя працягваецца, толькі адзінае, што гэта ўжо паўтары гады. Усё пачалося ў самым канцы 2019 года, амаль паўтары гады. Па ранейшаму тыя якасці пандэмічнай сітуацыі, інфармаванне грамадства, дзейнасць кіраўнічых структур Беларусі, у Еўропе ды іншых краінах, яны выглядаюць неяк анамальна. Давайце пачнем з першага, менавіта са стану ў якім знаходзіцца еўрапейскае і беларускае грамадства. Яно па-ранейшаму знаходзіцца ў такім дзіўным стане. Я лічу самае важнае, што павінны дамагацца людзі, спрабаваць неяк арганізоўвацца, звяртацца да адмыслоўцаў. Гэта дзве групы адмыслоўцаў: вірусолагі і эпідэміёлагі. Можна арганізаваць нейкія сталыя дзеючыя міжнародныя канферэнцыі, дзе напрыклад, збіраюцца вірусолагі, эпідэміёлагі ды абмяркоўваюць ковідную сітуацыю. У наўпроставым эфіры, зараз гэта вельмі проста. Напрыклад, выстаўляць на YouTube, каб кожны мог глядзець, што кажуць спецыялісты. Вось гэтага ўсяго няма, што ў норме ў гэтай сітуацыі проста абавязана быць. Другое, мы бачым, што прымаюцца нейкія рашэнні, прычым рашэнні прымаюцца кулуарна і навязваюцца грамадству тымі сіламі, тымі структурамі, якія маюць на гэта права. Часта гэтыя рашэнні маюць яшчэ адзін дадатковы элемент. Замест таго, каб супакоіць людзей, каб даць рацыянальныя рэкамендацыі, каб выкарыстаць сродкі масавай інфармацыі для выпрацоўкі нейкіх канкрэтных навыкаў, часта нагнятаецца неўратычная, ледзь не псіхатычная атмасфера нейкага жаху, некага ледзь не канца свету, што абсалютна не адпавядае таму, што ў нормах любой эпідэміі павінна быць. Калі абагуліць два гэтыя відавочныя феномены, то атрымліваецца вынік, усё гэта адбываецца толькі для таго, каб маніпуляваць грамадствам, каб выкарыстаць сітуацыю каронавіруснай пандэміі для нейкіх мэтаў, а не для таго, каб рэальна яе спыніць, рэальна паспрыяць вырашэнню гэтай праблемы. Вось, што абурае мяне ў першую чаргу.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня