Алесь Астроўскі: Улады здзяйсняюць этнацыд беларусаў
Звальненні выкладчыкаў з шэрагу навучальных установаў Гародні – гэта не выпадковасці, мяркуе прафесар Алесь Астроўскі. Дэмакратызм і беларуская нацыянальна акрэсленая пазіцыя – асноўныя прычыны звальненняў.
Паводле прафесара, дэкларацыі кіраўніцтва універсітэта, як і агулам уладаў, разыходзяцца з рэальнасцю іх палітыкі:
– На жаль, яна антынацыянальная. Улада займаецца этнацыдам – вынішчэннем беларускай мовы, беларускай культуры, разбурэннем беларускага грамадства, яго хаатызацыяй, паніжэннем узроўня яго нацыянальнай свядомасці. Вынішчаюцца тыя з’явы, якія робяць любое грамадства моцным, арганізаваным, якія забяспечваюць мэту існавання гэтага грамадства – ўсё тое, што пярэчыць інтарэсам цяперашняй улады. Гэта, скажу як медык, дыягназ, які азначае, што ўлада – не беларуская.
Надзея для беларусаў яшчэ ёсць. Гэта – сама-арганізацыя. Яскравы прыклад – адраджэнне кволых парасткаў пачатковай школы па-беларуску, бо без беларускай мовы і сваёй культуры – ў народу няма перспектывы, – дадае прафесар Алесь Астроўскі, які ня так даўно быў звольнены з Гарадзескага медычнага ўніверсітэту.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня