Алесь Бяляцкі: Летась удзельнікаў пратэстных акцый пакаралі штрафамі больш чым на 135 тысяч еўра
У 2017 годзе ціск з боку ўлады на палітычна і сацыяльна актыўных грамадзянаў рэзка ўзрос. Падобныя тэндэнцыі захоўваюцца і ў 2018 годзе, – кажа старшыня праваабарончага цэнтру „Вясна” Алесь Бяляцкі.
Выступаючы на прэзентацыі фотаальбому, прысвечанага гарачым падзеям мінулага году, ён адзначыў, што 2017 год быў вельмі драматычным і насычаным. Дастаткова ўзгадаць масавыя пратэсты супраць дэкрэту №3 і рэпрэсіі супраць іх удзельнікаў, абарону Курапатаў, крымінальныя справы „Белага легіёну” і кіраўніцтва прафсаюзу працоўных радыёэлектроннай прамысловасці.
– 2017 год быў дастаткова напружаны. У 2016 годзе ў нас не было фактычна адміністрацыйных арыштаў, 7 чалавек праходзілі па крымінальных справах. То 2017 год даў зусім іншыя лічбы. Толькі мы зафіксавалі 250 адміністрацыйных арыштаў у мінулым годзе. Хаця мы не ўсё зафіксавалі. Апроч арыштаў былі вельмі папулярныя таксама штрафы. Мы зафіксавалі 551 выпадак штрафаў за ўдзел у масавых акцыях і дэманстрацыях.
Агульная сума штрафаў, да якіх прысуджаны ўдзельнікі пратэстных мерапрыемстваў у 2017 годзе, па падліках „Вясны”, – больш за 135 тысяч еўра.
Таксама вялікім штрафам падвяргаліся журналісты, зарэгістравана 69 фактаў іх судовага пераследу, – нагадаў Алесь Бяляцкі.
Правааабронца падкрэсліў, што пад палітычна матываваны крымінальны пераслед у 2017 годзе трапіла 40 чалавек.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя