Алесь Бяляцкі: Ніякіх зменаў мы не назіраем



У офісе праваабарончага цэнтра “Вясна” адбылася сустрэча з прадстаўнікамі МЗС Даніі на чале з кіраўніком Дэпартамента еўрапейскага добрасуседства Уфэ Балслэвам.

Алесь Бяляцкі

У размове з кіраўніком арганізацыі Алесем Бяляцкім замежныя госці абмеркавалі сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі.

РР: Ці можаце крыху рассакрэціць пра што вялася размова?

– Мы размаўлялі пра сітуацыю з правамі чалавека. Я распавядаў пра тое, на колькі беларускія ўлады зараз гатовыя да дэмакратызацыі, да паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, на жаль мае высновы не суцяшальныя. Вось ужо больш за два месяцы прайшло пасля адмены санкцый, а ніякіх канкрэтных крокаў па паляпшэнні сітуацыі ў Беларусі не адбываецца. Тут можна спасылацца на дастаткова вытрыманы рэкамендацыйны дакумент, які Еўрапейскі Звяз прыняў у дачыненні да Беларусі пасля адмены санкцый, дзе ўказаны пэўныя пункты ў якіх Еўрапейскі Звяз хацеў бачыць паляпшэнне сітуацыі. На жаль ні па адным з гэтых пунктаў беларускія ўлады на сённяшні дзень не робяць ніякіх станоўчых рухаў: ці гэта датычыцца смяротнага пакарання, ці змены закона аб выбарах, ці праблемаў з рэгістрацыяй няўрадавых арганізацый і палітычных партый, ці праблемы з пераследам грамадскіх і палітычных актывістаў. Паўсюль практычна сітуацыя замарожана і пасля таго, як выпусцілі палітычных зняволеных у жніўні мінулага года, мы ніякіх зменаў на паляпшэнне не назіраем. Таму нашая прапанова, якая была агучана ад імя сямі праваабарончых арганізацый яшчэ ў лютым гэтага года, гучыць такім чынам: Мы просім прадстаўнікоў краінаў Еўразвяза паспрабаваць распрацаваць і прадставіць беларускім уладам, узгадніць гэты дакумент, так званую “дарожную мапу” па паляпшэнні сітуацыі з дэмакратыяй і правамі чалавека ў Беларусі. А не інтэнсіфікаваць вось гэтае міжнароднае супрацоўніцтва без канкрэтных нейкіх зменаў у галіне дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі. Не павінны быць крэдыты, скажам так, нейкія эканамічная дапамога, не звязаная з большай дэмакратызацыяй Беларусі. Гэта важныя ўзаемазалежныя рэчы і ў гэтым плане мы спадзяемся, што краіны Еўрапейскага Звяза, у тым ліку і Данія, будуць дастаткова прынцыповымі і дастаткова паслядоўнымі.

РР: Яны таксама сустракаюцца з прадстаўнікамі МЗС Беларусі.

– Мы рэкамендавалі весці канкрэтныя перамовы, а не займацца гаварыльняй, тое пра што казаў сам Аляксандр Лукашэнка характарызуючы цяперашні перыяд адносін Беларусі з Еўразвязам, што гэта гаварыльня. Вось я таксама лічу, што гэта гаварыльня, і калі беларускім уладам патрэбныя танныя крэдыты і сучасныя тэхналогіі, то яны мусяць усё ж такі палепшыць сітуацыю ў самой Беларусі, зрабіць яе больш стабільнай і ўрэшце рэшт пачаць дыялог з дэмакратычнай грамадскасцю Беларусі.

Афіцыйны візіт дэлегацыі МЗС Даніі ў Беларусь адбываецца 28-29 красавіка. 29 красавіка сябры дэлегацыі правядуць сустрэчы з прадстаўнікамі беларускага знешнепалітычнага ведамства.

Ганна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя